BE RU EN

Жыхары Стоўбцаўскага раёна паверылі ў цуд-жанчыну

  • 6.05.2026, 12:26

Насілі ёй футры, «выкідвалі» грошы.

У Стоўбцах 40-гадовая мясцовая жыхарка вырашыла змяніць прафесію: пакінула працу ў таксі і падалася ў эзатэрыку. Жанчына пачала актыўна прасоўваць паслугі па «зняцці псуты» і «радавых пракляццяў» праз мэсэнджары, але першую ахвяру знайшла проста на працоўным месцы — у салоне свайго аўто. Падрабязнасці справы аб махлярстве расказалі у Следчым камітэце.

Першай ахвярай варажбіткі стала яе пасажырка, якая паверыла ў «жудасную псуту». Даверлівая кліентка пачала вазіць у Стоўбцы ўсё, што мела каштоўнасць: наяўныя грошы, упрыгожанні, дарагія мехавыя вырабы. Варажбітка запэўнівала, што рэчы трэба аддаць ёй для «рытуальнага спальвання і знішчэння негатыву». Калі зберажэнні і футры скончыліся, у ход пайшлі сябры і банкі.

Жанчына не толькі залезла ў велізарныя даўгі, але і пачала набываць у растэрміноўку мабільныя тэлефоны. Гаджэты яна адразу перапрадавала за бясцэнак, а выручаныя сродкі пералічвала на картку «знахаркі» або пакідала ў тайніках. За год мінчанка пазбавілася больш як 59 тысяч рублёў.

Другой ахвярай варажбіткі стаў жыхар аграгарадка Дзераўная Стоўбцаўскага раёна. Мужчына знайшоў аб'яву ў інтэрнэце, звязаўся са «знахаркай», зрабіў у яе дыягностыку далоняў за 50 рублёў. Варажбітка паведаміла, што ў яго «моцная псута», якую можна зняць толькі за 10 тысяч долараў.

Для пачатку кліенту прапанавалі набыць «магутную свечку» за 150 рублёў. Каб сабраць астатнюю суму, мужчына ўзяў крэдыт. Грошы трэба было перадаваць па асаблівай схеме: загарнуць у чорную анучу, схаваць каля смеццевага кантэйнера і сысці, не азіраючыся. Пазней на тое самае месца адправіліся абручальнае кальцо, тэлефон і SIM-картка — нібыта для «ачышчэння ад старой маёмасці».

Усяго жыхар Стоўбцаўскага раёна паспеў аддаць «цуд-жанчыне» каля 35 тысяч рублёў. Родзічы забілі трывогу толькі тады, калі варажбітка прапанавала мужчыне прадаць дом.

Жыхарцы Стоўбцаў прад'яўлена абвінавачанне па ч. 4 арт. 209 (махлярства, учыненае ў асабліва буйным памеры) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Максімальнае пакаранне па артыкуле — 12 гадоў пазбаўлення волі.

Следчы камітэт нагадвае пра важнасць крытычнага мыслення, пільнасці і звароту па дапамогу ў праваахоўныя органы пры сутыкненні з любымі падазронымі прапановамі, асабліва калі яны звязаныя з грашовымі пераказамі, крэдытамі або абяцаннямі хуткага вырашэння праблем.

Апошнія навіны