BE RU EN

Расійскія вербоўшчыкі заманваюць на вайну праз вакансіі ў Беларусі

  • 6.05.2026, 13:17

Падманутых накіроўваюць у штурмавыя атрады.

Расійскія рэкрутары ўсё часцей выкарыстоўваюць маніпулятыўныя схемы і фэйкавыя вакансіі, абяцаючы мужчынам бяспечную працу ў тыле.

Сярод папулярных прынад нават вакансіі механікаў для працы ў Беларусі. Апісваюцца плюсы службы ў так званай Саюзнай дзяржаве: «стабільная абстаноўка, развітая інфраструктура, блізкасць да дому». Пры гэтым ніжэй у гэтай жа аб'яве напісана, што месцам службы стануць «новыя тэрыторыі» Расіі, піша Telegram-канал «Можем объяснить».

Зарплата — ад 240 тысяч расійскіх рублёў (больш за 3000 долараў) у месяц плюс мільённыя бонусы за падпісанне кантракту. Частa такія прапановы адрасаваныя людзям з хранічнымі захворваннямі або судзімасцямі, якім абяцаюць статус ветэрана і спісанне даўгоў.

Аднак юрысты папярэджваюць, што падобныя абяцанні — свядомы падман. Паводле расійскага заканадаўства, чалавек заключае кантракт не на канкрэтную пасаду, а на вайсковую службу ўвогуле. Гэта дазваляе камандаванню ў любы момант без згоды навабранца перавесці яго ў любое падраздзяленне па службовай неабходнасці.

Фактычна, пасля прыбыцця ў зону баявых дзеянняў амаль усе «тылаўнікі» трапляюць непасрэдна ў штурмавыя атрады.

Юрыдычнай магчымасці скасаваць кантракт або прыцягнуць вербоўшчыкаў да адказнасці за ілжывыя абяцанні не існуе, таму што любыя слоўныя дамоўленасці падчас вербавання не маюць ніякай сілы перад статусам ваеннаслужачага ў перыяд мабілізацыі.

Апошнія навіны