Беларусам абяцаюць Егіпет з меншымі выдаткамі
- 6.05.2026, 22:29
Абмяркоўваецца прамы рэйс у Каір.
Беларусь і Егіпет прапрацоўваюць пытанне арганізацыі прамога авіярэйса паміж Мінскам і Каірам. Пра гэта паведаміў міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Артур Карповіч па выніках восьмага пасяджэння Беларуска-егіпецкай сумеснай гандлёвай камісіі, перадае БелТА.
«Новая ініцыятыва — гэта арганізацыя прамога авіярэйса паміж Каірам і Мінскам», — адзначыў Артур Карповіч, дадаўшы, што прамое авіязлучэнне будзе спрыяць развіццю турызму.
Пытанне было ўключана ў пратакол, які падпісаны па выніках восьмага пасяджэння Беларуска-егіпецкай сумеснай гандлёвай камісіі. Такім чынам, беларусы змогуць часцей лётаць у Егіпет з меншымі выдаткамі.
Па словах Карповіча, прапрацоўвалася пытанне «прадастаўлення пэўных прэферэнцый для Рэспублікі Беларусь па турыстычных пуцёўках, каб нашы грамадзяне аддавалі як мага большую перавагу менавіта адпачынку на тэрыторыі Егіпта».
Заўважым, беларусам для паездкі ў «некурортны» Егіпет — напрыклад, у Каір, Аляксандрыю або Луксор — патрэбна стандартная аднаразовая віза.
З 1 сакавіка 2026 года віза каштуе 30 долараў. Аформіць яе можна па прыбыцці ў аэрапорце да пашпартнага кантролю або загадзя анлайн праз e-Visa, не пазней чым за сем дзён да паездкі. Віза дзейнічае 30 дзён, пашпарт павінен быць сапраўдны як мінімум шэсць месяцаў.