Літва і Польшча гатовыя прыняць вайскоўцаў ЗША ў выпадку іх вываду з Германіі
- 6.05.2026, 23:46
Прэзідэнты абедзвюх краін зрабілі заяву падчас ваенных вучэнняў паблізу Сувалкскага калідора.
Прэзідэнт Польшчы Кароль Навроцкі і яго літоўскі калега Гітанас Наўседа заявілі, што іх краіны гатовыя размясціць на сваёй тэрыторыі амерыканскіх вайскоўцаў, калі Злучаныя Штаты прымуць рашэнне аб скарачэнні кантынгенту ў Германіі.
Пра гэта яны сказалі падчас ваенных вучэнняў «Храбры Грыфон 26-II» паблізу Сувалкскага калідора.
Наўседа адзначыў, што бяспека Еўропы з'яўляецца недзялімай, а Літва зацікаўленая ў тым, каб вайскоўцы ЗША засталіся на кантыненце нават у выпадку вываду з Германіі.
«Мы ў Літве гатовыя прыняць столькі саюзнікаў, колькі здольныя, і для гэтага рэалізуем усю неабходную інфраструктуру — як для вучэнняў, так і для размяшчэння вайскоўцаў», — сказаў ён.
Як паведаміў Наўседа, на тэрыторыі краіны ўжо знаходзіцца больш за 1 тыс. амерыканскіх вайскоўцаў. А да канца 2027 года ў Літве плануюць цалкам разгарнуць нямецкую брыгаду колькасцю 5 тыс. чалавек.
Навроцкі заявіў, што Польшча таксама гатовая прыняць амерыканскі кантынгент. Ён кажа, што краіна ўжо мае неабходную інфраструктуру.
«У інтарэсах Польшчы і Балтыйскіх дзяржаў — каб тут дыслакавалася як мага больш амерыканскіх вайскоўцаў», — сказаў ён.
Польскі прэзідэнт падкрэсліў, што пасля завяршэння халоднай вайны «цэнтр цяжару бяспекі Еўропы» зрушыўся на ўсходні фланг НАТА.
Ён адзначыў, што калі адбудзецца тактычнае або стратэгічнае перамяшчэнне вайскоўцаў з Германіі ў напрамку Польшчы або краін Балтыі, то яны будуць адчуваць сябе яшчэ больш бяспечна.
Навроцкі дадаў, што будзе пераконваць прэзідэнта Злучаных Штатаў Дональда Трампа пакінуць амерыканскія войскі ў Еўропе.