Хакеры атакавалі сайт бібліятэкі Kamunikat.org
- 7.05.2026, 10:06
У выніку кібератакі парушана праца беларускай інтэрнэт-бібліятэкі.
У выніку хакерскай атакі парушана праца беларускай інтэрнэт-бібліятэкі Kamunikat.org. Пра гэта паведаміў у Facebook каардынатар праекта Яраслаў Іванюк.
Зламыснікі атакавалі сайт мінулай ноччу.
«Kamunikat.org не вытрымаў хакерскай атакі. На гэты момант сайт не працуе. Аднак весткі пра нашу смерць, так як і пра смерць беларускай культуры і мовы — як казаў класік, — заўчасныя і крыху перабольшаныя. Хаця трэба прызнаць, што атака знішчыла больш чым 25-гадовую працу многіх людзей, але мы не здаемся», — напісаў Яраслаў Іванюк.
Ён дадаў, што Kamunikat.org быў не толькі бібліятэкай, але і інструментам абароны культурнай спадчыны, а таксама платформай, якая падтрымлівае свабодны доступ да ведаў і незалежнай творчасці.
«Будзем змагацца і адбудуем адзін з найважнейшых незалежных архіваў беларускай культуры! Ня выключана аднак, што зойме гэта шмат часу», — запэўніў Яраслаў Іванюк.