Навукоўцы: Кенгуру парушаюць законы эвалюцыі
- 7.05.2026, 11:55
У іх незвычайная для расліннаедных будова зубоў.
Нягледзячы на эвалюцыйны пераход на жорсткую ежу, зубы кенгуру захоўваюць структуру і форму, уласцівыя млекакормячым, што спажываюць мяккую траву. Да такой высновы прыйшлі навукоўцы з Універсітэта Фліндэрса. Вынікі даследавання апублікаваныя ў часопісе Science.
Звычайна жывёлы, што харчуюцца жорсткай травой — такія, як коні, зебры і антылопы — маюць высокія, складаныя карэнныя зубы, прыстасаваныя да пастаяннага зношвання. Аднак кенгуру, нягледзячы на траўяны рацыён, валодаюць зусім іншай зубной структулай, больш падобнай да зубоў жывёл, якія харчуюцца мяккай ежай. Доўгі час гэтае супярэчанне заставалася нерастлумачаным.
Каб разабрацца, даследчыкі вывучылі выкапнёвыя зубы кенгуру з дапамогай рэнтгенаўскага сканавання. Замест формы яны засяродзіліся на таўшчыні эмалі — ключавым фактары ўстойлівасці да зношвання. Высветлілася, што ў кенгуру эмаль значна тоўшчая, чым у большасці іншых расліннаедных.
Гэта дазваляе ім кампенсаваць адсутнасць складанай структуры зубоў. У адрозненне ад капытных, якія перажоўваюць ежу рухамі сківіц з боку ў бок, кенгуру разразаюць траву вертыкальнымі рухамі. Такая механіка жавання і прывяла да іншага эвалюцыйнага рашэння: не ўскладненне формы зуба, а яго «ўмацаванне» за кошт тоўстай эмалі.
Навукоўцы падкрэсліваюць, што гэта прыклад альтэрнатыўнага шляху эвалюцыі: пры аднолькавай задачы — перапрацоўцы жорсткай расліннай ежы — розныя віды прыйшлі да розных прыстасаванняў.
«Цікава, што аналагічная тоўстая эмаль выяўлена ў старажытных продкаў чалавека — парантропа. Гэта пацвярджае гіпотэзу аб тым, што такая асаблівасць служыць абаронай зубоў ад зношвання, а не толькі для перапрацоўкі цвёрдай ежы», — адзначылі даследчыкі.
Паводле слоў навукоўцаў, даследаванне даказвае, што эвалюцыя не заўсёды ідзе па адзіным сцэнары. Нават у аднолькавых умовах розныя віды могуць знаходзіць уласныя, нечаканыя спосабы выжывання.