Расіянам хочуць спрасціць пераезд у Беларусь
- 7.05.2026, 14:21
Урад РФ звярнуўся да Пуціна з такой прапановай.
Грамадзянам Расіі хочуць спрасціць пражыванне ў Беларусі. З такой прапановай урад РФ звярнуўся да Уладзіміра Пуціна, піша ТАСС.
Змены хочуць унесці ў пагадненне Масквы і Мінска аб свабодзе перамяшчэння грамадзян дзвюх краін, якое было падпісанае Пуціным і Лукашэнкам у 2006 годзе. Апошні раз яго змянялі ў 2015 годзе.
Перададзены на разгляд праект прапануе скараціць тэрмін разгляду заявы аб дазволе на пастаяннае пражыванне.
Дзейная рэдакцыя прадугледжвае трохмесячны тэрмін. Яго хочуць скараціць да двух месяцаў. Пры гэтым закон будзе дзейнічаць для абедзвюх краін. Прасцей кажучы, заявы беларусаў у Расіі таксама будуць разглядаць хутчэй.
Акрамя таго, уносяцца змены для тых, хто плануе знаходзіцца ў краіне больш за 90 дзён. Да дасягнення гэтага тэрміну рэгістравацца не патрабуецца, але з'явіцца абавязак паведаміць кампетэнтныя органы пра жаданне затрымацца даўжэй.