У Беларусі з'явяцца новыя зоны чакання ля мяжы з ЕС
- 7.05.2026, 17:32
На пляцоўках арганізуюць электронную чаргу для кіроўцаў і пасажыраў.
У Беларусі плануюць пабудаваць новыя зоны чакання з электроннай чаргой каля трох пунктаў пропуску на мяжы з ЕС, паведамляе БелТА.
Старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэта Уладзімір Арлоўскі расказаў, што новыя пляцоўкі з'явяцца каля пунктаў пропуску «Бераставіца», «Грыгараўшчына» і «Каменны Лог».
Будоўля зоны электроннай чаргі каля «Бераставіцы» на польскім кірунку пачнецца ў бліжэйшы час. Завяршыць аб'ект плануюць да канца 2026 года. Улетку пачнуцца работы і каля латвійскага пункта пропуску «Грыгараўшчына», а завяршыць іх разлічваюць у 2027 годзе.
Таксама змены закрануць «Каменны Лог» на мяжы з Літвой. Цяпер там ужо ёсць пляцоўка на тэрыторыі лагістычнага цэнтра, аднак яе не заўсёды хапае пры вялікіх чэргах. Таму побач збіраюцца пабудаваць асобную зону чакання з электроннай чаргой. Работы плануюць пачаць у наступным годзе.
Раней зоны чакання ўжо адкрылі каля пунктаў пропуску «Брэст» і «Казловічы».