У Паўднёвай Карэі чалавекападобны робат стаў будысцкім манахам
- 7.05.2026, 17:45
Яго завуць Габі.
У Паўднёвай Карэі ўпершыню з’явіўся робат-будысцкі манах. Робат з імем «Габі» афіцыйна далучыўся да ордэна Чоге — найбуйнейшай будысцкай плыні краіны — падчас цырымоніі ў храме ў цэнтры Сеула, піша The New York Times (пераклад — сайт Charter97.org).
Невялікі гуманоід ростам каля 1,3 метра ўдзельнічаў у працэсіі манахаў, склаў рукі ў малітоўным жэсце і прамовіў традыцыйныя абеты служэння Будзе і будысцкаму вучэнню. Імя «Габі» перакладаецца з карэйскай мовы як «міласэрнасць».
Падчас цырымоніі робату зачиталі спецыяльныя «запаведзі» для штучнага інтэлекту. Сярод іх — пашана да жыцця, забарона прычыняць шкоду іншым робатам і людзям, абавязак падпарадкоўвацца чалавеку, не падманваць і «не марнаваць лішнюю энергію».
Як паведамілі прадстаўнікі ордэна, правілы ствараліся з дапамогай ChatGPT і Gemini. У будысцкай супольнасці лічаць, што тэхналогіі могуць дапамагчы зрабіць рэлігію бліжэйшай да сучаснага грамадства. Цікавасць да будызму ў Паўднёвай Карэі зніжаецца ўжо шмат гадоў, і рэлігійныя лідары ўсё часцей шукаюць новыя спосабы прыцягнення моладзі.
Аднак з’яўленне робата-манаха выклікала і спрэчкі. Некаторыя эксперты лічаць праект хутчэй маркетынгавым ходам, чым духоўным эксперыментам. Паводле слоў выкладчыка дзэн-будызму Ноа Намгуна, робат не здольны па-сапраўднаму асэнсаваць чалавечую прыроду, бо «не валодае свядомасцю».
Тым не менш прыхільнікі ідэі ўпэўнены: калі тэхналогія дапамагае людзям шукаць унутраны спакой і падтрымку, яна ўжо можа выконваць частку місіі манаха.