Італьянскаму курорту давялося змяніць назву, каб абысці алгарытмы пошуку
- 7.05.2026, 20:02
Горад разлічвае, што з абноўленай назвай паток турыстаў павялічыцца.
Прыбярэжнаму гораду на поўначы Італіі Валлекрозіі давялося змяніць назву, каб турысты, якія збіраюцца на міжземнаморскія курорты, маглі знайсці яго ў інтэрнэце, піша «Еўрапульс».
Валлекрозія знаходзіцца на ўзбярэжжы Міжземнага мора недалёка ад мяжы з Францыяй. Але ў горад прыязджаюць лічаныя турысты. Прычына — сама назва Vallecrosia. Справа ў тым, што слова «valle» па-італьянску азначае «даліна». Таму карыстальнікі, якія шукалі пляжны адпачынак, часцей траплялі на старонкі іншых курортаў: пошукавыя алгарытмы ўспрымалі Валлекрозію як месца ў гарах.
Заказаныя гарадскімі ўладамі маркетынгавыя даследаванні паказалі, што змена назвы можа павысіць пазнавальнасць і прыцягнуць больш турыстаў. У выніку да назвы дадалі «al Mare» — «ля мора», каб падкрэсліць, што гэта менавіта прыбярэжны горад, а не «даліна». Цяпер афіцыйная назва — Vallecrosia al Mare.
У мэрыі разлічваюць, што з абноўленай назвай паток турыстаў павялічыцца. Для жыхароў працэдура перайменавання пройдзе без бюракратычных складанасцяў: паштовы індэкс застанецца ранейшым, а дакументы будуць абнаўляцца па меры заканчэння тэрміну іх дзеяння.