Беларуска выйшла замуж, а потым даведалася, што муж ужо жанаты
- 7.05.2026, 22:37
Як яна пра гэта даведалася?
Жыхарка Гродна праз суд дамаглася прызнання свайго шлюбу несапраўдным пасля таго, як высветлілася, што яе муж ужо быў афіцыйна жанаты ў Расіі. Падрабязнасці сталі вядомыя з рашэння суда Ленінскага раёна горада, піша «Зеркало».
У жніўні 2025 года гродзенка зарэгістравала шлюб з грамадзянінам Латвіі ў адным з гарадскіх ЗАГСаў. Дзяцей у пары не было. Праз нейкі час беларуска даведалася, што яе муж яшчэ ў сакавіку 2024 года заключыў шлюб з грамадзянкай Расіі, і гэты саюз на момант заключэння новага шлюбу не быў скасаваны.
Пра тое, што яна па няведанні стала другой жонкай, жанчына даведалася ад першай. Пасля гэтага яна звярнулася ў суд з патрабаваннем прызнаць шлюб несапраўдным.
Падчас разгляду справы высветлілася, што пры афармленні шлюбу ў Беларусі мужчына падаў дакумент аб адсутнасці зарэгістраванага шлюбу, выдадзены кампетэнтным органам Латвіі. Аднак пра зарэгістраваны ў Расіі шлюб ён супрацоўнікам беларускага ЗАГСа не паведаміў.
Усю выяўленую інфармацыю пацвердзілі дакументы з расійскага ЗАГСа. На судовае пасяджэнне дваежэнец не з’явіўся.
Суд прыйшоў да высновы, што шлюб быў заключаны з парушэннем патрабаванняў заканадаўства, бо адзін з сужэнцаў ужо знаходзіўся ў іншым афіцыйна зарэгістраваным шлюбе. У выніку гэты саюз прызналі несапраўдным.
Згодна з беларускім заканадаўствам такі шлюб лічыцца несапраўдным з моманту яго заключэння. Рашэнне суда ўжо ўступіла ў законную сілу.