BE RU EN

The Economist: Пуцін страчвае кантроль над РФ, і прыкметы гэтага ўжо відавочныя

  • 8.05.2026, 4:00

Расійскія чыноўнікі больш не лічаць сябе часткай ягонай каманды.

Расійскі дыктатар Пуцін паступова страчвае кантроль над створанай ім сістэмай, а расійскія эліты ўсё часцей дыстанцуюцца ад вайны супраць Украіны і рашэнняў Крамля. Пра гэта ў аўтарскім артыкуле для The Economist (пераклад - «УНІАН») на ўмовах ананімнасці піша былы высокапастаўлены чыноўнік расійскага ўрада, які, відаць, дагэтуль знаходзіцца ў Расіі.

Аўтар сцвярджае, што ў Расіі з’явілася пачуццё палітычнага тупіку, а чыноўнікі, губернатары і бізнесмены больш не ўспрымаюць дзеянні ўлады як супольны праект. Калі яшчэ летась яны казалі пра вайну і палітыку Крамля як пра супольную справу, то цяпер усё часцей называюць гэта справай самога Пуціна.

«Яшчэ мінулай вясной усё было “мы” і “нашае”. Вайна Пуціна супраць Украіны можа быць безразважнай і няўдалай, але яна была агульнай. “Мы” былі ўнутры яе, і для ўсіх “нас” было б лепш, калі б яна скончылася хутчэй. Цяпер яны апісваюць тое, што адбываецца, як “яго” гісторыю, а не “нашу”. Не наш праект, не наш парадак дня, не наша вайна», – піша ананімны аўтар.

У публікацыі адзначаецца, што гаворка не пра адкрыты бунт эліт. Расійская аўтарытарная сістэма ўсё яшчэ трымаецца на страху і рэпрэсіях, аднак яна ўжо страціла здольнасць фарміраваць бачанне будучыні. Паводле аўтара, Крэмль больш не прапануе грамадству ніводнай зразумелай мэты або ідэі.

У артыкуле таксама называюцца чатыры ключавыя прычыны, паводле якіх, на думку аўтара, Пуцін пачаў паступова страчваць кантроль над сістэмай:

Няўдалая вайна супраць Украіны. Уварванне задумвалася як кароткая ваенная аперацыя, якая не закране вялікую частку грамадства. Аднак цяпер за яе дорага расплачваецца ўся краіна.

Расійскія алігархі былі вымушаныя вярнуць свае капіталы ў Расію. Калі раней іх правы абараняла заходняя прававая сістэма, то цяпер гэта павінна рабіць расійская дзяржава, у якой такіх правілаў няма. Адвольныя выпадкі канфіскацыі бізнесу і арыштаў нават уплывовых фігур вельмі не падабаюцца расійскім багатырам.

Змена геапалітычнага клімату і страта ідэнтычнасці. Расія бачыць сябе ў ролі пераўтваральніка глабальнага парадку, але насамрэч, як адзначае аўтар, яна толькі паскорыла крызіс заходняга свету і разбурыла глабальную стабільнасць, якая дазваляла алігархам зарабляць на экспарце расійскіх рэсурсаў. Цяпер найбольш выгадныя для іх рынкі Захаду страчаныя. Адначасова Расія ўпершыню за некалькі пакаленняў перажывае крызіс ідэнтычнасці.

Гістарычна яна вызначала сябе як частку Еўропы і Глабальнага Захаду, але цяпер раптам апынулася ворагам заходняй цывілізацыі і «сябрам» дыктатараў Глабальнага Поўдня.

Разбурэнне ранейшага грамадскага дагавору. Расійскі кансэнсус заключаўся ў тым, што дзяржава не ўмешваецца ў прыватнае жыццё людзей, а грамадзяне — у палітыку. Нафтагазавыя даходы гарантавалі стабільнасць гэтай сістэмы. Але цяпер дзяржава прапануе грамадзянам толькі рэпрэсіі, цэнзуру і ўмяшанне ў іх жыццё, не прапануючы ўзамен доступу да палітыкі. Ды яшчэ і грошы пачалі заканчвацца.

Аўтар параўноўвае цяперашняе становішча Пуціна з шахматнай сітуацыяй «цугцванг», калі любы ход толькі пагаршае пазіцыю. На яго думку, кожная спроба дыктатара захаваць уладу толькі паскарае дэградацыю сістэмы.

«Яго інстынктыўнай рэакцыяй можа стаць узмацненне рэпрэсій. Ён можа пачаць новую вайну. Але гэтыя дзеянні толькі пагоршаць сітуацыю. Ён не можа аднавіць сувязь паміж уладай і будучыняй. Ён можа толькі зрабіць гэты разрыў яшчэ больш крывавым і небяспечным», – рэзюмуе былы топ-чыноўнік РФ, які пажадаў застацца ананімным.

Апошнія навіны