У часнаку выявілі амаладжальныя ўласцівасці
- 8.05.2026, 11:28
Ён актывуе біяхімічныя працэсы, якія паляпшаюць працу тканін.
Новае даследаванне японскіх вучоных з Інстытута даследаванняў прадуктыўнага старэння і кампаніі Wakunaga Pharmaceutical мяркуе, што злучэнне S‑1‑прапеніл‑L‑цыстэін (S1PC) з экстракта вытрыманага часнаку можа дапамагчы захаваць сілу цягліц у пажылым узросце. Вынікі даследавання апублікаваныя ў часопісе Cell Metabolism.
S1PC актывуе фермент — пячоначную кіназу B1 (LKB1), што запускае ланцуг біяхімічных працэсаў: у выніку з тлушчавай тканіны вызваляюцца асаблівыя везікулы з ферментам eNAMPT. Яны трапляюць у крывацёк, дасягаюць гіпаталамуса (участак мозгу) і ўзмацняюць сімпатычную нервовую сігналізацыю — у выніку паляпшаецца праца цягліц. Такім чынам, рэчыва забяспечвае ўзаемадзеянне паміж тлушчавай тканінай, мозгам і цягліцамі, якое парушаецца з узростам.
Эксперыменты на пажылых мышах паказалі, што пры працяглым прыёме S1PC у жывёл змяншаецца крохкасць, расце сіла шкілетных цягліц і аднаўляецца тэмпература цела. У людзей злучэнне таксама паказала эфект — яно павышала ўзровень ферменту eNAMPT у крыві, асабліва ў тых, хто мае дастаткова тлушчавай тканіны.
Паколькі вытрыманы часнок стагоддзямі выкарыстоўвалі ў традыцыйнай медыцыне без паведамленняў пра пабочныя эфекты, S1PC лічаць патэнцыйна бяспечным. Вучоныя мяркуюць, што рэчыва можа стаць нутрыцэўтыкам — дабаўкай для прафілактыкі ўзроставога зніжэння цягліцавай масы.