Беларусаў гэтым летам чакае яшчэ адзін «сюрпрыз» ад уладаў
- 8.05.2026, 14:37
Папулярны фестываль пад Мінскам адменены.
У Instagram фестывалю «Свята Сонца» паведамілі пра адмену мерапрыемстваў. Опэн-эйр праходзіў з 2016 года ў музейным комплексе «Дудуткі» і быў прысвечаны святкаванню Купалля, піша Onliner.
Фестываль праходзіў амаль штогод на пачатку лета. Туды прыязджалі людзі з усёй Беларусі, многія заставаліся начаваць — для гэтага на полі каля музея ладзілі намётавы лягер.
Ад ранку і да позняй ночы гасцей фестывалю чакалі розныя актыўнасці і забавы — выступы калектываў у стылях folk, folk-rock і pagan, рамесныя майстар-класы, традыцыйныя абрады, гульні. На тэрыторыі працавалі стрытфуд-зоны і кірмаш з аўтарскімі хэндмэйд-вырабамі.
З надыходам цемры пачыналася агнявое і піратэхнічнае шоў, пасля якога ўдзельнікі накіроўваліся да вялікага кастра на беразе ракі Пціч, дзе працягваліся народныя гулянні.
— Сябры, на вялікі жаль, фэст «Свята Сонца» ў гэтым годзе не адбудзецца, — напісалі арганізатары ў сацсетках фестывалю. Канкрэтныя прычыны не называюцца.