Беларускую інтэрнэт-бібліятэку Kamunikat.org удалося аднавіць
- 8.05.2026, 22:08
Пасля хакерскай атакі спецыялісты ўмацоўваюць абарону сайта.
Аднаўлена частка матэрыялаў сайта інтэрнэт-бібліятэкі Kamunikat.org, якая 7 мая стала аб’ектам атакі хакераў. Аб гэтым 8 мая паведаміў «Радыё Свабода» заснавальнік інтэрнэт-бібліятэкі і дырэктар аднайменнага выдавецтва Яраслаў Іванюк.
Паводле слоў Іванюка, сайт для наведвальнікаў пачне працаваць не адразу.
«Спачатку трэба правесці ўсе неабходныя захады, каб упэўніцца, што няма шкоднаснага віруса», — патлумачыў Яраслаў Іванюк.
Дзень поўнага аднаўлення працы сайта ён не назваў, як і не ўзяўся ацэньваць у працэнтах долю матэрыялаў інтэрнэт-бібліятэкі, якія ўжо ўдалося аднавіць.
«Сайт фактычна цалкам адноўлены. Цяпер займаемся ўдасканаленнем структуры, каб пазбегнуць такога кшталту атак у будучыні. Работа ідзе, але калі яна будзе завершаная, сказаць пакуль складана», — прызнаў Іванюк.
Яраслаў Іванюк сказаў, што праінфармаваў пра здарэнне з інтэрнэт-бібліятэкай установу польскай сістэмы кібербяспекі CERT Polska — каманду рэагавання на надзвычайныя сітуацыі ў інтэрнэце, якая дзейнічае ў складзе дзяржаўнага даследчага інстытута NASK («Навуковая і акадэмічная камп’ютарная сетка»).
CERT Polska адказвае за рэагаванне на інцыдэнты бяспекі ў інтэрнэце, але не мае следчых паўнамоцтваў. Там Іванюка выслухалі і прапанавалі запоўніць адпаведныя дакументы пра здарэнне.
«Я таксама распавёў гісторыю ціску і атак на Kamunikat. Далей яны будуць дзейнічаць згодна са сваімі задачамі, а мы працягваем выконваць свае. Але ўжо цяпер на 100% упэўнены, што гэтая атака невыпадковая і што пад падобнай пагрозай апынуліся не толькі мы, але і сайты іншых культурных беларускіх праектаў».
Іванюк заклікаў калег па беларускіх культурных праектах быць пільнымі.
«У нас усё пачалося ў кастрычніку мінулага года, калі рэзка павялічылася колькасць запытаў з IP-адрасоў, зарэгістраваных у Кітаі. У лістападзе іх было ўжо ў тысячу разоў больш. Ад атакі ў канцы снежня ўдалося адбіцца, але цяперашняя атака была яшчэ больш масавая: на нас напалі адначасова з адрасоў у Тайвані, Сінгапуры, Інданезіі, іншых паўднёваазіяцкіх краін. Таму раіў бы калегам быць пільнымі, адсочваць падазроныя запыты і своечасова блакаваць IP-адрасы, з якіх яны паходзяць», — пералічыў Яраслаў Іванюк свае парады ў размове з «Радыё Свабода».
Паводле слоў Яраслава Іванюка, праца па аднаўленні інтэрнэт-бібліятэкі працягваецца.