Пашынян адхіліў патрабаванне Пуціна
- 1.06.2026, 14:24
Арменія не будзе праводзіць рэферэндум.
На дадзены момант адсутнічае абгрунтаванне для неадкладнага правядзення Арменіяй рэферэндуму аб курсе на ўступленне ў Еўрасаюз і аб выхадзе з ЕАЭС, заявіў прэм'ер-міністр рэспублікі Нікол Пашынян. Раней такое патрабаванне на адрас Ерэвана агучыў прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін, які заяўляў, што толькі ў такім выпадку дзве краіны змогуць разысціся «мякка, інтэлігентна і ўзаемавыгадна». Паводле слоў Пашыняна, правядзенне такога рэферэндуму «нелагічнае», пакуль Арменія афіцыйна не звярнулася ў ЕС з пытаннем аб сяброўстве і нават не наблізілася да атрымання статусу кандыдата на ўступленне, піша The Moscow Times.
«Па сутнасці, няма падстаў, не сфармаваны баланс, каб мы маглі прапанаваць народу выбар ісці тым ці іншым шляхам. Сёння гэты выбар тэарэтычны, а выносіць тэарэтычны выбар на рэферэндум не надта разумна, няправільна і неабгрунтавана», — сказаў Пашынян у відэазвароце ў Facebook. Ерэван працягне ў спакойным і халаднакроўным рэжыме працаваць у ЕАЭС, дзе застаецца пакуль не выкарыстаны патэнцыял, дадаў прэм'ер. Паводле яго слоў, адносіны з РФ знаходзяцца на стадыі трансфармацыі, а эканамічная палітыка Арменіі адпавядае прынцыпу «незалежнасць — гэта замена залежнасці ад нямногіх залежнасцю ад многіх».
«Мы працуем і будзем працягваць працаваць у ЕАЭС да таго часу, пакуль выбар паміж ЕАЭС і ЕС не стане непазбежным. Рашэнне, натуральна, павінен прыняць народ Арменіі шляхам рэферэндуму», — адзначыў Пашынян.
На мінулым тыдні Крэмль апублікаваў сумесную заяву лідараў краін ЕАЭС, у якой яны заклікалі Ерэван «у максімальна кароткія тэрміны» правесці рэферэндум аб уступленні ў ЕС і выхадзе з саюза. У арганізацыі, якую ўзначальвае Масква, лічаць, што падрыхтоўка Арменіі да ўступлення ў ЕС нясе «істотныя рызыкі» эканамічнай бяспецы краін ЕАЭС.