Расійскія алігархі пасля сустрэчы з Пуціным «скінуліся» на вайну
- 1.06.2026, 23:39
Яны пералічылі ў бюджэт РФ 220 млрд рас. рублёў.
Буйныя бізнесмены пералічылі ў бюджэт бязвыплатныя плацяжы на суму 220 млрд рублёў. Такія звесткі прыводзіць урадавы партал «Электронны бюджэт». Гэта амаль у 130 разоў перавышае прагноз паступленняў ад такога віду даходаў на ўвесь год (1,7 млрд руб.), піша «Эксперт». Прычынай для «дабравольных узносаў» стала закрытая сустрэча Уладзіміра Пуціна з алігархамі 26 сакавіка, на якой Пуцін паведаміў пра намер працягваць вайну супраць Украіны і запатрабаваў ад бізнесу дапамагчы.
Прэс-сакратар кіраўніка дзяржавы Дзмітрый Пяскоў пацвердзіў, што адзін з удзельнікаў (паводле звестак крыніц «Эксперта», гэта Сулейман Керымаў) прапанаваў вылучыць «вельмі буйную суму». Паводле інфармацыі Mash, да ініцыятывы таксама далучыліся Алег Дзерыпаска і Уладзімір Патанін. Федэральны чыноўнік заявіў «Эксперту», што цяпер улады чакаюць па выніках года каля 300 млрд руб., аднак дакладных дамоўленасцей няма, памер узносаў — асабістая справа кожнага.
Паводле дадзеных Мінфіна, за студзень–красавік 2026 года дэфіцыт федэральнага бюджэту дасягнуў 5,877 трлн рублёў — у 1,6 раза больш за гадавы план (3,786 трлн). Інстытут Гайдара прагназуе, што па выніках года дэфіцыт можа ўдвая перавысіць запланаваны ўзровень. Нямецкая разведка (BND) раней заяўляла, што фактычны дэфіцыт за 2025 год склаў 8,01 трлн замест афіцыйных 5,65 трлн. Пры гэтым у 2026 годзе на «нацыянальную абарону» закладзена 12,9 трлн рублёў (29,3% выдаткаў) — больш, чым гадавыя бюджэты 62 суб’ектаў РФ. Разам з выдаткамі на ўвесь сілавы блок сума дасягае 17 трлн рублёў.
Згодна з дадзенымі Bloomberg, высокапастаўленыя чыноўнікі Мінфіна і ЦБ папярэдзілі Пуціна, што бягучыя выдаткі на вайну набліжаюцца да недапушчальнага ўзроўню, а эканоміка ўпершыню з 2023 года пачала скарачацца. Яны прапаноўвалі скараціць абаронныя выдаткі, аднак Пуцін падтрымаў Мінабароны, даручыўшы скарачаць любыя артыкулы, акрамя ваенных.
У маі ўрад панізіў прагноз росту ВУП да 0,4%. Эканаміст Дзмітрый Палявы ацэньвае недабор ненафтагазавых даходаў у 2026 годзе ў 300–700 млрд рублёў, а ў 2027-м — да 1,8 трлн. «Расійская эканоміка ўвайшла ў зону смерці», — канстатуе навуковая супрацоўніца Carnegie Russia Eurasia Centre Аляксандра Пракапенка.
На гэтым фоне 300 млрд чаканых да канца года «данатаў» ад алігархаў змогуць закрыць 10–15% незапланаванага дэфіцыту, адзначае вядучы эксперт Цэнтра макраэканамічнага аналізу Эміль Аблаеў. Аднак для бізнесу такія нефармальныя паборы ствараюць рызыку няпэўнасці правілаў. «Гэты заплаціў адну суму, другі — пабольш», — патлумачыў крыніца «Эксперта» ў адным з дзелавых аб’яднанняў.