Дзёрзкая аперацыя: украінскія марпехі вызвалілі некалькі астравоў
- 15.06.2026, 7:51
Акупантаў ціснуць каля Алешак.
Украінскія падраздзяленні марской пяхоты ўсталявалі кантроль над шэрагам астравоў паміж Херсонам і часова акупаванымі Алешкамі. Адпаведную інфармацыю агучыў камандзір 34-й асобнай брыгады марской пяхоты ЗСУ Дзмітрый Пулінец у інтэрв'ю праекту «Крым.Рэаліі».
Паводле слоў вайскоўца, украінскія сілы ўтрымліваюць, у прыватнасці, астравы Аляксееўскі, Круглік, Караблёў і Пацёмкінскі.
Пулінец адзначыў, што расійскія войскі працягваюць прадпрымаць спробы вярнуць страчаныя пазіцыі, аднак украінскім падраздзяленням удалося не толькі замацавацца на астравах, але і адціснуць акупантаў ад часткі пазіцый у раёне Алешак.
«Ім літаральна як костка ў горле той факт, што падраздзяленні 34-й брыгады знаходзяцца менавіта на астраўным участку», – адзначыў суразмоўца.
Камандзір таксама распавёў, што адным з ключавых вынікаў дзеянняў украінскіх сіл стала парушэнне лагістычных маршрутаў расійскай арміі на гэтым напрамку і пашырэнне так званай «кіл-зоны» – тэрыторыі, якая знаходзіцца пад пастаянным агнявым кантролем.
«І лагістыка перарэзана, і зона паражэння пашырылася. У іх быў такі апорны пункт — Конкаўскі аўтамабільны мост. Яны там пастаянна скапляліся і заўсёды знаходзіліся, але нешта менавіта ўчора і сёння ў іх гэта перастала атрымлівацца», – заявіў камандзір.
Паводле вайскоўца, калі раней акупанты маглі спакойна заязджаць на машынах у Алешкі, то цяпер ім даводзіцца ісці 20–30 кіламетраў з Кастагрызава.