У Растоўскай вобласці расійскім акупантам адмовіліся прадаваць бензін
- 15.06.2026, 12:32
Паліўны крызіс ужо выйшаў за межы бытавой праблемы.
Расійскі Z-ваенкар Уладзімір Раманаў піша, што ў акупаваным Данецку і па ўсёй так званай «ДНР» няма бензіну. Паводле яго слоў, калі паліва і з’яўляецца на асобных запраўках, дык толькі эпізадычна і адразу заканчваецца, піша «Дыялог».
Дэфіцыт ужо ўдарыў нават па расійскіх вайскоўцах, якія працуюць каля лініі баявога сутыкнення. Раманаў паведаміў, што на трасе Данецк — Авіла-Успенка яму не трапілася ніводнай АЗС з палівам. У Растоўскай вобласці бензін ёсць, але на запраўках увялі ліміты. Для звычайных вадзіцеляў гэта яшчэ можна перажыць, піша ён, але для вайскоўцаў сітуацыя становіцца крытычнай.
Паводле слоў Z-ваенкара, адно з расійскіх падраздзяленняў адправіла транспарт у Растоўскую вобласць, каб купіць паліва за свой кошт. Вайскоўцам патрэбныя былі вялікія аб’ёмы, але на АЗС ім адмовіліся заліваць бензін у бочкі. На апублікаваным відэа расійскі вайсковец просіць запраўіць ёмкасці «для фронту», але супрацоўніца АЗС адмаўляе. Яна кажа, што не будзе парушаць забарону, бо рызыкуе звальненнем.
Раманаў сцвярджае, што падобная адмова была і на запраўцы Teboil у Растоўскай вобласці. Вайсковыя каналы пішуць, што паліўны крызіс ужо выйшаў за межы бытавой праблемы. Калі бензіну не хапае нават падраздзяленням каля фронту, гэта б’е не толькі па акупацыйнай адміністрацыі, але і па забеспячэнні расійскай арміі.