З ліпеня ў Беларусі па-новаму пачнуць налічваць адзін з падаткаў
- 15.06.2026, 12:32
Каго гэта закране і якія пытанні з’явіліся ў людзей.
З 1 ліпеня ў Беларусі абавязваюць плаціць падатак на сабак нават у тым выпадку, калі яны не зарэгістраваныя. У TikTok гэтая навацыя выклікала спрэчкі: людзі абураюцца самім зборам, пытаюцца, куды ідуць грошы, і баяцца, што з-за дадатковых выдаткаў жывёл пачнуць часцей выкідваць на вуліцу. «Зеркало» распавядае, што хвалюе ўладальнікаў сабак і як працуе сістэма іх уліку і сплаты падатку ў бюджэт.
У TikTok нагадалі, што з 1 ліпеня ў Беларусі нават тыя ўладальнікі сабак, якія яшчэ не зарэгістравалі іх, павінны будуць плаціць адпаведны падатак. Яго цяпер будуць уключаць у квітанцыю за камунальныя паслугі.
Пры тым, што сам узнос існуе даўно, а цяпер улады імкнуцца максімальна ахапіць ім жыхароў краіны, якія яшчэ не зарэгістравалі сваіх гадаванцаў, гэта выклікала нямала спрэчак. А таксама пытанняў пра тое, як будуць улічваць, чыя сабака і дзе яна жыве:
«Вось цікава, у маёй мамы ёсць сабака, яна зарэгістраваная, але ў ветклініках я заўсёды называю сваё прозвішча і адрас, бо я аплачваю лячэнне, таму што мама са сваёй пенсіі не ў стане аплачваць касмічныя цэннікі ў ветклініках. Дык калі інфармацыю будуць браць у ветклініках, то па гэтай логіцы атрымліваецца, што сабака жыве ў мяне, хоць яна толькі часам бывае ў мяне ў гасцях, калі мама з ёй прыязджае».
«А калі сабака жыве ў кватэры толькі ў зімовы перыяд, то як плаціць?»
Вось якія яшчэ каментары пакінулі карыстальнікі пад пастом з напамінам пра ліпеньскія змены:
«Дык ужо ўсе плацяць, калі купляюць для гадаванцаў корм — 20% ПДВ [падатак на дабаўленую вартасць]. І плюс прыбытак прадаўца і вытворцы — і яны таксама плацяць падаткі…»
«Навошта ім столькі падаткаў? А ў мяне павукоў шмат! Рэгістраваць трэба? З іх падатак таксама браць будуць?»
«Чакаю, калі прымуць падатак на хаду пешшу, катанне на лыжах, санках, веласіпедзе».
«А за што падатак? Падаткі плацяць з даходу! Што за лухта?»
«Хутка падатак на дзяцей будзем плаціць».
«Мы з адстрэлу ўратавалі сабаку і падабралі ката, здымаем аднапакаёўку. І мы павінны плаціць падатак? А тым, хто іх выкінуў — падзяка?»
«А трэба яшчэ падатак на падатак».
«А куды пойдуць грошы ад гэтага падатку? Я так разумею, што на будаўніцтва пляцовак і месцаў для выгулу жывёл».
«Атрымліваецца, фісташкі за сабакамі будуць збіраць спецыяльныя людзі, якім будуць плаціць з падаткаў?»
«З пенсіянераў не будзе. Ды хоць бы гэты падатак пайшоў на нешта карыснае — на дамкі і прышчэпкі для бяздомных катоў, стэрылізацыю, дапамогу тым, хто прытуліў бяздомышаў. А так хз куды».
«Дзяржава ў нас «клопатлівая». Прымаюць законы, абкладаюць падаткам для таго, каб людзі яшчэ больш выкідвалі сабак на вуліцы. Зараз іх будзе ў разы больш, і гэта ваш «клопат» і ваша заслуга. Ніяк не наедзіцеся грошай».
Што мяняецца па падатку на сабак?
Падатак на сабак у Беларусі існуе шмат гадоў. Цяпер гаворка ідзе пра змены па ім. Напрыклад, паводле даных на сакавік гэтага года, у Мінску было зарэгістравана каля 1,5 тыс. кошак і 13,8 тыс. сабак. Аднак ёсць меркаванне, што хатніх гадаванцаў у мінчукоў жыве прыкладна ў пяць разоў больш.
З ліпеня ж нават тыя, хто не зарэгістраваў сваю сабаку, могуць убачыць у квітанцыі за камунальныя паслугі суму падатку на яе.
Як улады даведаюцца, што ў мяне ёсць сабака?
Дзяржава збірае даныя з розных крыніц. Напрыклад, ад суседзяў, з ветклінік, гатэляў для жывёл, жыллёва-камунальных службаў або раённых адміністрацый.
Калі з’яўляецца інфармацыя, што ў кватэры жыве сабака, ЖЭУ павінна цягам 15 дзён гэта праверыць і спытаць у ўладальніка, ці зарэгістравана жывёла.
І нават калі высветліцца, што сабака не зарэгістравана, то ўсё роўна пачнуць налічваць падатак.
Пры гэтым за адсутнасць рэгістрацыі жывёлы ўладальніка могуць прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці паводле арт. 16.30 КаАП. Штраф складзе ад 1 да 15 базавых велічынь (ад 45 да 675 рублёў).
Колькі трэба плаціць?
Уладальнікі сабак павінны плаціць падатак раз у квартал, пачынаючы з таго моманту, калі гадаванцу споўнілася тры месяцы. Базавая стаўка — 14 рублёў. За сабак парод, якія лічацца «патэнцыйна небяспечнымі», падатак вышэйшы — 67 рублёў.
Пры гэтым сума можа адрознівацца ў залежнасці ад горада або раёна. Напрыклад, у Мінску дзейнічае паніжаная стаўка — 11,10 рубля за квартал.