У Беларусі хочуць забараніць курэнне яшчэ і каля пад'ездаў
- 15.06.2026, 13:15
А дзе ўжо забаронена курыць?
У Беларусі прапануюць увесці поўную забарону на курэнне каля ўваходаў у пад'езды жылых дамоў і інтэрнатаў. З такой ініцыятывай выступіў Рэспубліканскі цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, перадае праўладны СТВ.
Цяпер забарона на курэнне дзейнічае ўжо ва многіх месцах, але праблема ў тым, што ў забароне ёсць спрэчныя моманты і няпраяснёныя сітуацыі.
У ліпені 2019 года ўступіў у сілу дэкрэт №2, які датычыцца пытанняў тытунёвага рэгулявання.
Катэгарычна забаронена курыць:
на працоўных месцах;
на станцыях метро, прыпынках грамадскага транспарту і ў самім грамадскім транспарце;
у ліфтах і дапаможных памяшканнях жылых аб'ектаў;
на дзіцячых пляцоўках і ў падземных пераходах;
у спартыўна-аздараўленчых і іншых лагерах;
на тэрыторыях устаноў адукацыі;
у прыватных аўто ў прысутнасці дзяцей да 14 гадоў;
на рынках;
у гандлёвых і аб'ектах грамадскага харчавання;
на летніх пляцоўках і пляжах;
на тэрыторыях арганізацый фізічнай культуры і спорту;
на тэрыторыях чыгуначных станцый, вакзалаў і аэрапортаў (за выключэннем спецыяльна абсталяваных для курэння месцаў);
а таксама ў любых іншых месцах, дзе размешчаны адпаведны знак, зацверджаны Міністэрствам аховы здароўя.
Міністэрства аховы здароўя само прызнавала: адзіным момантам, не адлюстраваным у новым антытытунёвым дакуменце, застаецца курэнне на балконах і лоджыях жылых дамоў. Паколькі яны адносяцца да тэрыторыі прыватнай уласнасці, юрыдычна забараніць курыць на іх нельга. Але і тут курцоў час ад часу штрафавалі, спасылаючыся на тое, што курца могуць убачыць іншыя людзі, у тым ліку дзеці, і гэта ўжо пасяганне на іх правы і свабоды.
У Мінску таксама дзейнічаюць зоны, цалкам свабодныя ад курэння:
пляжныя зоны Камсамольскага возера
пляжныя зоны Цнянскага вадасховішча
парк культуры і адпачынку імя Чалюскінцаў
Цэнтральны батанічны сад
парк імя Максіма Горкага
парк культуры і адпачынку імя 900-годдзя Мінска
Лошыцкі сядзібна-паркавы комплекс
парк імя 60-годдзя Вялікага Кастрычніка
Мінскі заапарк
пл. Незалежнасці і прылягаючыя да яе тэрыторыі.
Згодна з арт. 19.9 КаАП, курэнне і спажыванне тытунёвых вырабаў у забароненых месцах цягнуць за сабой штраф у памеры да чатырох базавых велічынь.
І вось цяпер ініцыятыва, якую актыўна абмяркоўваюць у Рэспубліканскім цэнтры гігіены і эпідэміялогіі, прадугледжвае распаўсюджанне бездымных зон на тэрыторыю каля пад'ездаў, дамоў і інтэрнатаў.