BE RU EN

Як выглядае Кіева‑Пячэрская лаўра пасля варварскага ўдару расіян

  • 15.06.2026, 14:33

Фотарэпартаж.

У ноч на 15 чэрвеня расійскія войскі нанеслі па Кіеву масіраваны ўдар, выкарыстаўшы дроны, балістычныя і крылатыя ракеты.

У выніку атакі 140 тысяч абанентаў засталіся без святла, а таксама пашкоджаны Успенскі сабор Кіева‑Пячэрскай лаўры.

Расійскі «Шахед» трапіў прама ў цэнтр даху прыкладна ў палове другой ночы. Успыхнуў маштабны пажар, які імгненна ахапіў 800 квадратных метраў. Агонь пайшоў па верхніх ярусах скляпення, піша «РБК-Україна».

Фота: facebook.com/DSNS.GOV.UA

Гендырэктар Кіева‑Пячэрскай лаўры Максім Астапенка тлумачыць: разлік ворага быў падступны і жорсткі.

Акупанты цэліліся так, каб драўляныя канструкцыі купала поўнасцю выгарэлі, і ўвесь дах абрынуўся ўнутр храма, пахаваўшы пад сабой унікальны інтэр'ер.

Фота: t.me/V_Zelenskiy_official

Больш за тое, бэлькі сабора былі апрацаваныя агнястойкімі сумесямі, таму ёсць падазрэнне, што дрон нёс адмысловы зарад з запальнай сумессю, каб максімальна ўзмацніць полымя.

Толькі дзякуючы працы пажарных, якія працавалі пад пагрозай новых выбухаў, сабор удалося ўратаваць ад поўнага разбурэння.

І пагроза была рэальная: калі выратавальнікі ўціхамірвалі агонь у Лаўры, расіяне цынічна ўдарылі другі раз.

Фота: facebook.com/DSNS.GOV.UA

Пад другі ўдар трапіла 300-гадовая Вежа Кушніка і будынак «Мастацкага арсенала».

Фота: facebook.com/DSNS.GOV.UA
Фота: facebook.com/DSNS.GOV.UA

Дакладныя страты для ўнутранага аздаблення эксперты змогуць ацаніць толькі пасля аналізу стану нясучых канструкцый.

Фота: t.me/V_Zelenskiy_official

Аднак сапраўдным цудам і вынікам надзвычайнай згуртаванасці стала выратаванне святыняў. Як толькі ўспыхнуў агонь, работнікі запаведніка разам з паліцыяй і манахамі Лаўры кінуліся ратаваць унікальныя экспанаты.

З агню вынеслі ўсю выставу, прысвечаную Уваскрасенню Хрыстоваму.

Таксама ўдалося своечасова эвакуяваць адну з найбольш выбітных і каштоўных святыняў Кіева‑Пячэрскай лаўры — срэбную раку святога Сцяпана, якая з'яўляецца ўнікальным помнікам XVIII стагоддзя. Цяпер усе гэтыя рэліквіі ў бяспецы.

Фота: Getty Images
Фота: t.me/V_Zelenskiy_official

Апошнія навіны