BE RU EN

FT: Падпал сямейнага дома прэм’ер-міністра Вялікабрытаніі быў арганізаваны з Расіі

  • 15.06.2026, 18:38

Што вядома.

Расійская сетка інтэрнэт-дыверсантаў, якая арганізоўвала акцыі ультраправых у Вялікабрытаніі і здзейсніла хакерскую атаку на Алімпійскія гульні ў Мілане, стаяла за серыяй падпалаў маёмасці, звязанай з брытанскім прэм’ер-міністрам Кірам Стармерам. Вінаватым у іх арганізацыі суд прызнаў украінца Рамана Лаўрыновіча, 22-гадовага будаўніка з Лондана. Хаця пракуроры не раскрылі інфармацыю пра асобу яго куратара, акрамя таго, што той выкарыстоўваў нік El Money у Telegram і размаўляў на рускай і ўкраінскай мовах, расследаванне Financial Times паказала: El Money знаходзіўся ў Расіі і быў цесна звязаны з NoName057 — пракрамлёўскай групоўкай, якую ЗША назвалі «праектам, санкцыянаваным расійскай дзяржавай».

Расследаванне FT заснавана на матэрыялах з Telegram, аналізе крыптавалютных кашалькоў, матэрыялах судовай справы і інтэрв’ю з заходнімі чыноўнікамі. Куратар El Money цягам сямі месяцаў рыхтаваў Лаўрыновіча да актаў супраць Стармера, спачатку даручаючы такія драбязы, як друк плакатаў ультраправой групоўкі Direct Action («Прамае дзеянне») і іх расклейванне ў Лондане. Ён звязаўся з Лаўрыновічам у канцы 2024 года, калі той актыўна шукаў падпрацоўку ў руска- і ўкраінамоўных тэлеграм-групах. Плацячы яму ў крыптавалюце, куратар урэшце ў маі 2025 года даў заданне спачатку падпаліць аўтамабіль Toyota RAV4, які раней належаў Стармеру, затым яго былую кватэру і ўрэшце — сямейны дом прэм’ера, дзе жыла яго залоўка з 9-гадовай дачкой (сам Стармер жыве з сям’ёй у афіцыйнай рэзідэнцыі на Даўнінг-стрыт).

El Money абяцаў заплаціць некалькі тысяч долараў, калі гэтыя падпалы стануць тэмай нацыянальных навін. Яны ёй сталі, але грошай Лаўрыновіч, паводле яго слоў, так і не атрымаў; гэта пацвердзіў праведзены FT аналіз крыптакашалькоў. У выніку падпалаў ніхто не пацярпеў, хаця залоўка Стармера, якая мае астму, з цяжкасцю магла дыхаць, калі ля ўваходных дзвярэй прагрымелі выбухі і паваліў дым.

NoName, як і шэраг іншых расійскіх кібергруп, карыстаюцца падтрымкай Крамля для прасоўвання яго геапалітычных інтарэсаў, распальвання беспарадкаў у Еўропе праз распаўсюджванне дэзінфармацыі, ультраправых і антымігранцкіх ідэй. Для здзяйснення «на зямлі» дыверсій, актаў вандалізму і шпіянажу яны вербуюць выканаўцаў, сярод якіх ужо не ўпершыню аказваюцца маладыя людзі, што ўцяклі з Украіны ад расійскай агрэсіі і знаходзяцца ў складаным фінансавым становішчы.

У асноўным такія групы дзейнічаюць не па даручэнні расійскіх уладаў, кажа Марк Галеоці, ваенны эксперт і ганаровы прафесар Школы славістыкі і ўсходнееўрапейскіх даследаванняў Універсітэцкага каледжа Лондана:

«Шмат хто з гэтых людзей лічыць сябе патрыётамі. Відавочна, што Крэмль разлічвае на магчымасць абвяргаць сваю датычнасць. Праблема ў тым, што чым больш атак адбываецца, тым менш праўдападобным становіцца такое абвяржэнне».

У лютым Нацыянальнае агенцтва кібербяспекі Італіі паведамляла, што прадухіліла кібератакі расійскіх хакераў, якія называюць сябе NoName057, на сайты Алімпіяды ў Мілане і Картыне. Расійская каманда не была дапушчаная да яе праз вайну, якую Уладзімір Пуцін развязаў ва Украіне, хоць 13 спартсменаў удзельнічалі ў Гульнях у нейтральным статусе.

Паводле дадзеных Агенцтва кібербяспекі і бяспекі інфраструктуры ЗША (CISA), NoName і выкарыстоўваныя ёю метады былі аформленыя ў межах «схаванага праекта» створанай Крэмлём ІТ-арганізацыі. Некаторыя ўдзельнікі дэцэнтралізаванай сеткі NoName — гэта «асобы, што падтрымліваюць палітыку Масквы, але не маюць прамых сувязяў з урадам», тады як іншыя, «відаць, звязаныя з расійскай дзяржавай праз прамую або ўскосную падтрымку» з яе боку, адзначала CISA.

Direct Action, якое на першы погляд здавалася англійскім ультраправым рухам, насамрэч таксама было арганізавана ў Расіі. У англамоўных тэкстах часам праскоквалі кірылічныя знакі, часам адміністратары дзяліліся кантэнтам, што адлюстроўваў маскоўскі час, адзначае FT.

Фатаграфіі плакатаў Direct Action, якія Лаўрыновіч рабіў пасля расклейвання і дасылаў свайму куратару El Money, потым з’яўляліся ў тэлеграм-канале Direct Action. Іх прыводзілі як сведчанне падтрымкі і заклікалі «паліць паліцыю».

На пачатку 2025 года Direct Action пачала заклікаць сваіх падпісчыкаў, якіх было некалькі сотняў, наносіць антыісламскія надпісы на мячэцях і ў ісламскіх цэнтрах на паўдні Лондана. На судзе Лаўрыновіч прызнаў, што прынамсі двойчы рабіў гэта. Паводле яго слоў, ён хацеў зарабіць грошай, бо ягоны бацька ва Украіне меў патрэбу ў лячэнні, а пазней ён пачаў адчуваць пагрозу з боку El Money і баяцца за бяспеку сваёй сям’і.

Пры гэтым пасля арышту ён выказваў антырасійскія погляды і называў Пуціна «тэрарыстам».

Як высветліла FT, Direct Action цесна звязаная з тэлеграм-каналамі, якія, у сваю чаргу, звязаныя з NoName. Direct Action мела адзін лагатып, які адрозніваўся толькі колерам, з цяпер ужо закрытым рускамоўным каналам «Маладосць дыверсанта». Апошні даваў падрабязныя інструкцыі па вербоўцы ўкраінцаў, якія жывуць у Заходняй Еўропе, для здзяйснення імі дыверсій, каб «паліць ваенную інфраструктуру НАТА чужымі рукамі». Акаўнты, звязаныя з «Маладосцю дыверсанта», наўпрост узаемадзейнічалі з адміністратарамі афіцыйнага тэлеграм-канала NoName.

Апошнія навіны