Лукашэнка: Беларусь у украінскіх вайскоўцаў як на далоні
- 15.06.2026, 22:37
Дыктатар баіцца удараў ЗСУ па вытворчых і лагістычных аб’ектах.
Аляксандр Лукашэнка у інтэрв’ю тэлеканалу Al Arabiya заявіў, што Беларусь у украінскіх вайскоўцаў як на далоні, а таксама папрасіў прабачэння перад Уладзімірам Зяленскім за рэзкія выказванні ў ягоны адрас.
Падчас інтэрв’ю Лукашэнку папрасілі пракаментаваць заявы украінскіх уладаў і вайскоўцаў пра магчымую пагрозу новага наступу расійскіх войскаў з тэрыторыі Беларусі.
Дыктатар распавёў, што абмяркоўваў гэтае пытанне з Уладзімірам Пуціным і што ўлады РФ нібыта таксама не зацікаўленыя ў прамым уцягванні Беларусі ў вайну.
«Мы шмат разоў казалі пра тое, што абсалютна недапушчальна, каб вайна Украіны з Расіяй перакінулася на тэрыторыю Беларусі», — заявіў ён.
«Мы разумеем, што ўступленне Беларусі ў якой бы то ні было якасці ў вайну, у канфлікт — непрымальна. Ад гэтага будзе больш шкоды, чым карысці», — перадаў Лукашэнка нібыта словы Пуціна.
Пры гэтым ён прызнаў, што Беларусь «вельмі ўразлівая ў ваенным сэнсе, калі Украіна пачне атакаваць Беларусь так, як яна атакуе Расію»:
«Бо Беларусь у украінскіх вайскоўцаў як на далоні. Мы цудоўна разумеем, што нашыя асноўныя аб’екты жыццезабеспячэння — вытворчыя і лагістычныя — апынуцца пад ударам. Як яны заявілі, у іх ужо вызначана 500 такіх мэт на тэрыторыі Беларусі», — заявіў Лукашэнка.
Адначасова Лукашэнка запэўніў, што «Украіне абсалютна няма чаго баяцца з боку Беларусі»:
«Абсалютна няма чаго. Абсалютна. І яны гэта ведаюць, і вайскоўцы гэта ведаюць. Людзі, народ Украіны, гэта ведаюць. З прычыны нейкіх палітычных амбіцый гэта тэма нагнятаецца», — сказаў ён.
Таксама дыктатар раптам папрасіў прабачэння за рэзкія выказванні, якія ён дапускаў у адрас прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага. І тут жа дадаў новую порцыю пагардлівых рэплік:
«Магчыма, я дзесьці і перабраў, але гэта быў адказ на яго недарэчныя заявы: „Так, у нас 500 мэт, так, мы ведаем, дзе там знаходзіцца Лукашэнка. Мы заўтра ўдарым ракетамі, беспілотнікамі“. Я маўчаў. Нават усе здзіўляліся, што я маўчаў. Я разумеў: чалавек пад такім прэсам, малады чалавек, недасведчаны, ён не вайсковец. Можа, нешта ў галаве не спрацавала. Я маўчаў. Але калі мне пачалі пагражаць, я быў вымушаны адказаць.
Калі Уладзімір Аляксандравіч пакрыўдзіўся, я прашу ў яго прабачэння за гэтыя словы. Можа, і не трэба было [іх казаць], улічваючы, што ён усё ж такі ваюе. Магчыма, мне і не трэба было так рэзка пра гэта казаць», — сказаў Лукашэнка.
Нагадаем, у канцы мая Лукашэнка ўжо каментаваў заявы камандуючага Сіламі беспілотных сістэм Украіны Роберта Броўдзі пра тое, што украінскія вайскоўцы вызначылі каля 500 мэт на тэрыторыі Беларусі. Тады ён сцвярджаў, што ў Мінска таксама ёсць «адна вельмі сур’ёзная мэта» ва Украіне, а таксама заяўляў, што беларускія вайскоўцы не будуць удзельнічаць у баявых дзеяннях на ўкраінскай тэрыторыі.