Самец беларускай рысі здзівіў вучоных
- 16.06.2026, 8:02
Сацыяльныя паводзіны гэтых жывёл больш развітыя, чым прынята лічыць.
Нядаўна беларускія заолагі зрабілі незвычайнае назіранне, піша тэлеграм-канал «Дзікая прырода побач».
Вучоныя сустрэлі рысь, якая ўскочыла на яліну ў двух метрах перад імі. Перш чым звер уцёк, заолагі паспелі апазнаць мясцовага самца Плямкача.
Але самае цікавае, што побач з гэтым месцам аказалася логава з двума маленькімі рысянятамі. Гэта азначае, што самец сядзеў у гэтым логаве з рысянятамі, пакуль маці адсутнічала.
Доўгі час у навуцы лічылася, што рысі — адзіночныя жывёлы і што самец не ўдзельнічае ў выхаванні патомства. Але гэты выпадак — пацвярджэнне таго, што сацыяльныя паводзіны рысей больш развітыя, чым прынята лічыць.