«Час «джэнтльменскіх дамоўленасцяў» з Лукашэнкам прайшоў»
- 17.06.2026, 13:34
Беларускія НПЗ могуць стаць законнымі мэтамі для ЗСУ.
У інтэрв'ю тэлеканалу «Аль-Арабія» Лукашэнка заявіў, што не хоча ўцягвання Беларусі ў вайну супраць Украіны, прызнаў уразлівасць беларускіх аб'ектаў і нават пачаў выбачацца перад Уладзімірам Зяленскім.
Чаму Лукашэнка менавіта цяпер так рэзка змяніў тон і фактычна пачаў апраўдвацца перад Зяленскім? Пра гэта сайт Charter97.org спытаў кандыдата філасофскіх навук, кіраўніка ўкраінскага Цэнтра беларускіх камунікацый Максіма Плешко:
— Дыктатар адчуў рэальную пагрозу сваему выжыванню. Раней ён думаў, што саўдзел у агрэсіі супраць Украіны сыдзе яму з рук. Цяпер сітуацыя змянілася. Ягоныя «выбачэнні» перад Уладзімірам Зяленскім у эфіры буйнога міжнароднага тэлеканала — гэта спроба адвесці ад сябе ўдар.
Лукашэнка бачыць, што Пуцін не здольны абараніць нават уласную тэрыторыю. Таму мінскі кіраўнік спрабуе гуляць ролю «міратворцы», каб уратаваць свой рэжым. Аднак гэтыя апраўданні гучаць абсурдна і з'яўляюцца звычайным крывадушшам.
— Расія цяпер знаходзіцца ў складанай сітуацыі: на фронце тупік, а ЗСУ ўзмацняюць дронныя і ракетныя ўдары па ваенных і лагістычных аб'ектах. Ці звязана новая красамоўнасць Лукашэнкі з гэтым? Ці баіцца ён удараў ЗСУ па Беларусі?
— Так, Лукашэнка знаходзіцца ў стане глыбокага страху перад украінскімі беспілотнікамі. Ён сам адкрыта прызнаў у інтэрв'ю, што ўкраінскія дроны эфектыўна знішчаюць расійскія заводы і нафтаперапрацоўку аж да Урала.
Дыктатар выдатна разумее: Беларусь знаходзіцца значна бліжэй. Усе ягоныя вайсковыя базы, аэрадромы, а таксама Мазырскі і Наваполацкі НПЗ знаходзяцца ў зоне дасяжнасці ЗСУ. Час «джэнтльменскіх дамоўленасцяў» прайшоў. Калі Расія церпіць няўдачы, а Украіна нарошчвае тэхналагічную магутнасць, Лукашэнка пачынае панікаваць. Ён баіцца, што наступная «бавоўна» расквітнее ўжо на яго аб'ектах.
— Лукашэнка гаворыць пра мір, але беларускія НПЗ працуюць на расійскі рынак, экспарт паліва ў РФ рэзка вырас, а прамысловасць Беларусі убудаваная ў ваенную машыну Крамля. Ці можа Украіна прыцягнуць дыктатара да адказнасці за такую дапамогу агрэсару, і якім спосабам?
— Украіна мае поўнае юрыдычнае і ваеннае права караць беларускі рэжым. Нягледзячы на мірныя заявы, Лукашэнка з'яўляецца прамым саўдзельнікам вайны. Беларуская эканоміка сёння корміць і забяспечвае армію акупантаў. Прыцягнуць яго да адказнасці можна двума асноўнымі спосабамі:
— эканамічны і юрыдычны ціск. Украіна разам з заходнімі партнёрамі павінна цалкам перакрыць беларускі транзіт і ўзмацніць санкцыі, што ўжо робіць Польшча на мяжы. Лукашэнка павінен паўстаць перад міжнароднымі трыбуналамі за садзейнічанне агрэсіі і выкраданне ўкраінскіх дзяцей;
— ваенны адказ. Праца беларускіх НПЗ у інтарэсах арміі РФ робіць іх законнымі ваеннымі мэтамі. Калі рэжым працягне падтрымліваць ваенную машыну Крамля, лагічным крокам могуць стаць дакладныя ўдары ЗСУ па абаронных і паліўных вузлах Беларусі.
— Галоўнакамандуючы ЗСУ Аляксандр Сырскі заявіў пра ўмацаванне паўночнай мяжы і стварэнне новых падраздзяленняў БПЛА каля мяжы з Беларуссю. Якія дзеянні рэжыму Лукашэнкі маглі падштурхнуць Кіеў да такога рашэння і наколькі сур'ёзнай застаецца пагроза з беларускага напрамку?
— Кіеў дзейнічае на апярэджанне з-за пастаянных правакацый Мінска. Лукашэнка рэгулярна ладзіць падазроныя вайсковыя вучэнні каля ўкраінскіх і еўрапейскіх граніц. Акрамя таго, Беларусь дае сваю зямлю для расійскіх станцый кіравання дронамі, якія атакуюць украінскія гарады. Менавіта гэта прымусіла Аляксандра Сырскага дзейнічаць рашуча.
Прамая пагроза наступлення беларускай арміі цяпер нізкая, бо Лукашэнка аддаў большую частку сваёй тэхнікі і снарадаў Расіі. Беларускія вайскоўцы таксама не маюць матывацыі паміраць за Пуціна. Аднак стварэнне новых падраздзяленняў БПЛА ЗСУ — гэта выразны сігнал для Мінска: у выпадку найменшай рэальнай пагрозы адказ Украіны будзе імгненным і знішчальным. Ніякіх ілюзій у дыктатара быць не павінна.