BE RU EN

Анджэй Пачобут у Еўрапарламенце: Свету патрэбны моцны голас у абарону дэмакратыі

  • 17.06.2026, 15:00

Сёння сітуацыя ў Беларусі надзвычай драматычная і сур'ёзная.

Вызвалены ў красавіку журналіст і прадстаўнік польскай меншасці ў Беларусі Анджэй Пачобут выступіў на сесіі Еўрапейскага парламента. Ён распавёў пра сітуацыю ў нашай краіне, пра палітвязняў і заклікаў заходні свет больш актыўна змагацца за вызваленне Еўрапейскага кантынента ад аўтарытарных і дыктатарскіх рэжымаў.

Сайт Charter97.org публікуе ўрывак з выступлення Анджэя Пачобута:

— Сёння ўсяму свету патрэбны моцны голас у абарону дэмакратыі і правоў чалавека. Моцны голас кіраўнікоў і лідараў заходняга свету. Перш за ўсё моцны голас Злучаных Штатаў Амерыкі.

Гэты голас нават у часы «жалезнай заслоны», калі Еўропа была падзелена на Усходнюю і Заходнюю, ўсяляў надзею ў тых, хто жыў у камуністычным лагеры. Менавіта такая паслядоўная палітыка, заснаваная на дэмакратычных каштоўнасцях, прывяла да перамогі дэмакратыі падчас халоднай вайны, да краху савецкага таталітарызму, савецкай сістэмы і да ўз'яднання Заходняй і Усходняй Еўропы.

Сёння еўрапейскі кантынент зноў драматычна падзелены. З аднаго боку — Еўрапейскі саюз і еўрапейскія каштоўнасці, такія як свабода, чалавечая годнасць, вяршэнства права і роўнасць усіх перад законам. З другога — свет беларускай і расійскай дыктатур і аўтарытарных каштоўнасцяў, дзе асоба зводзіцца толькі да ролі служэння інтарэсам кіраўнікоў. Няма справядлівых судоў, а што добра, а што дрэнна, вырашаюць лідары і іх прыспешнікі.

Менавіта канфлікт гэтых каштоўнасцяў прывёў да вайны ва Украіне, дзе Расія спрабуе ўтрымаць Кіеў у сферы свайго ўплыву. Расія хоча, каб гэта краіна, як і Беларусь, апынулася на баку антызаходняга аўтарытарызму.

Сёння сітуацыя ў Беларусі надзвычай драматычная і сур'ёзная. Гэта без пяці хвілін таталітарная дзяржава, і ў гэтыя «пяць хвілін», між іншым, трапляе Саюз палякаў у Беларусі. Для нас вельмі важна, каб гэтыя пяць хвілін павялічыліся на 10 хвілін, каб прастора свабоды не звужалася, а пашыралася.

Дэмакратыя перамагае толькі тады, калі праводзіцца актыўная, ініцыятыўная, наступальная палітыка, калі чуваць моцны голас, які патрабуе павагі да правоў чалавека.

Я веру, што менавіта гэтыя доўгатэрміновыя дзеянні ў падтрымку дэмакратыі і правоў чалавека, актыўная падтрымка ўсіх нізавых грамадскіх ініцыятыў і незалежных СМІ прывядуць да моманту, калі еўрапейскі кантынент, нарэшце, зможа аб'яднацца, і Беларусь будзе належаць Еўропе не толькі геаграфічна, але і па-сапраўднаму.

Апошнія навіны