Беларусаў, затрыманых па справе аб забойстве Скрэпецкага, адпусцілі
- 17.06.2026, 15:37
Іх сувязь са злачынствам не пацвердзілася.
Двух беларусаў, затрыманых па справе аб забойстве 44-гадовага расійскага мастака Сямёна Скрэпецкага у польскай Белай-Падлясцы, адпусцілі. Высветлілася, што яны не маюць дачынення да злачынства. Пра гэта паведамляе tvn24.
— Двое грамадзян Беларусі, затрыманых па гэтай справе, ужо выпушчаныя на волю. Іх магчымая сувязь з падзеяй, якая была прадметам вельмі інтэнсіўнай праверкі, не пацвердзілася. Высветлілася, што яны не маюць дачынення да справы. Пасля допыту ў якасці сведкаў іх адпусцілі, і яны больш не знаходзяцца пад вартай, — заявіў на прэс-канферэнцыі 17 чэрвеня прадстаўнік Акруговай пракуратуры Любліна Марцін Козак.
Паводле яго слоў, слядства разглядае некалькі версій таго, што адбылося, аднак з відавочных прычын ён не можа раскрываць падрабязнасцяў. Таксама ён паведаміў, што вынікі судова-медыцынскай экспертызы пакуль не гатовыя.
Прадстаўнік Ваяводскага ўпраўлення паліцыі ў Любліне падінспектар Анджэй Фіелек звярнуўся да грамадзян з просьбай дапамагчы слядству.
— Месца, дзе адбылося забойства, вельмі ажыўленае. Там размешчаны гандлёвыя галерэі, было шмат людзей. Мы мяркуем, што ёсць нямала сведкаў, якія яшчэ не кантактавалі з паліцыяй, магчыма, баючыся прадастаўляць інфармацыю. Я заклікаю вас супрацоўнічаць з паліцыяй, бо ніводная паліцыя не можа быць эфектыўнай без дапамогі жыхароў. Інфармацыю можна перадаваць ананімна, — заявіў ён.
Прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск заявіў, што ўсё паказвае на палітычны характар забойства, аднак неабходна дачакацца доказаў і больш канкрэтных звестак. Ён дадаў, што калі злачынства было здзейснена па замове Расіі, то гэта стане надзвычай сур'ёзным фактам міжнароднага значэння.
— Гэта дзяржаўны тэрарызм, — падкрэсліў прэм'ер.