Гэта вельмі дзіўная вайна
- Ігаль Левін
- 17.06.2026, 15:51
Гісторыя мала бачыла падобнага.
Гэта вельмі дзіўная вайна, напэўна адна з самых дзіўных, якія мне даводзілася вывучаць або бачыць. Я магу навскідку назваць з два дзясяткі відавочных дзівацтваў — як пра Украіну, так і пра Расію, — якія не паддаюцца ніякаму адэкватнаму тлумачэнню.
Большасць такіх дзівацтваў дачакаюцца канца вайны, але адну — пра Расію — я ўсё ж азвучу. У РФ страты забітымі набліжаюцца да паўмільёна, а, магчыма, калі вы чытаеце гэтыя радкі, яны ўжо дасягнулі або нават перасягнулі гэтую планку. Страты часам могуць быць апраўданыя, калі яны прыносяць дывідэнды, але гэта не пра сённяшнюю Расію і не пра тую вайну, якую яна вядзе. Мне катэгарычна не зразумела, чаму пасля няўдалага кавалерыйскага наскоку на Кіеў расійскае кіраўніцтва вырашыла год за годам паліць сваю армію ў лоб аб найбольш абароненыя і ўмацаваныя рубяжы Украіны. Гісторыя мала бачыла падобнага, калі наагул бачыла, — калі гіганцкую армію бяруць і мэтанакіравана, год за годам, у...біваюць аб сцяну з мізэрнымі для сябе поспехамі.
Мне могуць запярэчыць, маўляў, украінцы таксама ў 2023 годзе наступалі ў лоб проста на самыя ўмацаваныя пазіцыі. Гэта так, але пасля гэтага ўкраінцы, абпаліўшыся, зрабілі высновы, і далей мы бачым Курскую аперацыю (гэта значыць змену накірунку), робатызацыю, пошук новых вайсковых рашэнняў. А да таго былі Харкаўскі бліцкрыг, абарона Кіева, вызваленне Херсона праз выбіванне мастоў і ізаляцыю і шмат іншага. Пра Украіну дзівацтвы ў іншых плоскасцях, але дакладна не пра аператыўнае мастацтва: тут яны прадэманстравалі тое, што ведае любы коцік: сунуў лапу ў агонь — другі раз не трэба.
І не трэба казаць пра савковых генералаў — нават савецкія генералы разумелі і ўмелі не толькі ў буквар вайсковага мастацтва, але і ў матэрыі вышэйшыя. Але Бог з гэтымі генераламі, яшчэ больш дзіўна выглядае тое, чаму армія з гэтым згодная. Добра, шараговыя — яны замардаваныя і запужаныя, але чаму афіцэры малодшага і сярэдняга звяна? У іх не ўзнікае пытанняў — элементарных, базавых пытанняў, — што пры фронце і тэатры больш як 3 тыс. км і накірунках, якія або дрэнна абароненыя, або ўразлівыя, абіраць раз за разам, год за годам тэатр і накірунак, якія максімальна абароненыя, — гэта, мякка кажучы, мэтанакіраваная стратэгія знішчыць сваю армію.
Украінцы павольна адыходзілі ўсе гэтыя гады, метадычна ствараючы новыя рубяжы і пры гэтым знішчаючы і перамолваючы расійскую армію. Гледзячы на гэтае паўмільёна забітых, закрадаецца тая самая думка, пра якую пішуць некаторыя Z-нікі: што гэта не вайна, гэта ахвярапрынашэнне. Вайной у сапраўдным сэнсе гэта сапраўды цяжка назваць, бо тое, што робіць Расія, — ну, так проста не робяць жа, нават калі ў вас савкі і вы не ўмееце ваяваць.
Бо калі чалавек узяў шпагу і пачаў сам сябе ёй тыкаць, праколваючы рукі і ногі, вы не скажаце: маўляў, ён проста фехтаваць не ўмее — савкі, разумееце... Пра гэта ўвогуле было сказана шмат лірыкі, а яшчэ больш — усялякіх разумных довадаў і спроб рацыянальна растлумачыць, але ўсё гэта міма. Крэмль — гэта сотні чалавек, калі зусім «топы», і тысячы, калі астатняя абслуга; яшчэ Генштаб, а таксама старшыя і малодшыя афіцэры — гэта дзясяткі тысяч чалавек. І нікому не прыходзіла элементарная думка, што нельга армію ў...біваць у дранкі і спальваць людзей сотнямі тысяч у лоб, проста аб умацаваннях ворага?
Адзіны выпадак, які мы бачылі, калі нехта спрабаваў лівнуць [ад англ. leave — сысці, пакінуць] з гэтай мясарубкі ахвярапрынашэння, — гэта Жэня Прыгожын і яго «Вагнера».
Чым усё гэта скончылася, — вядома, але незразумела, чаму іншым з усім гэтым нармальна. І гаворка тут не пра чалавекалюбства, а пра банальны ўтылітарызм: вам жа патрэбныя армія, эканоміка і тэхніка — тым больш калі ў вас ёсць амбіцыі. А ў Расіі яны ёсць. Але Расія на ўсіх парах імчыцца ў прорву і не думае спыняцца, і хай там кіраўніцтва — долба...бы, але чаму астатнім з гэтым нармальна?
Гісторыя ведае шмат войнаў — удалых і няўдалых, апраўданых і не вельмі, доўгіх і крывавых, хуткіх і кароткіх, — але вайна, якую сёння вядзе Крэмль, не проста тупая, бяссэнсоўная і крывавая, яна яшчэ і максімальна дзіўная.
Ігаль Левін, «Фэйсбук».