Да другога за дзень крымінальнага знаёмага Пуціна прыйшлі сілавікі
- 17.06.2026, 16:43
Ён сцвярджаў, што працаваў з кіраўніком Крамля ў КДБ.
Сілавікі ў Санкт-Пецярбургу прыйшлі з вобыскамі да прадпрымальніка Генадзя Пятрова, які вядомы як адзін з лідараў Тамбоўска-малышэўскай АПГ. Пра гэта «Важным гісторыям» і «ВЧК-ОГПУ» паведамілі інфармаваныя крыніцы. Пры гэтым яны не ўдакладнілі, з якой справай звязаныя аператыўныя мерапрыемствы. Перад гэтым, раніцай 17 чэрвеня, супрацоўнікі ФСБ затрымалі ў Ленабласці Іллю Трабера — уплывовага крымінальнага аўтарытэта, бізнесмена і даўняга знаёмага Уладзіміра Пуціна. Падставай для гэтага стала справа аб забойстве ў 2020 годзе выбаргскага прадпрымальніка Аляксандра Пятрова, які лічыўся правай рукой Трабера. Таксама па справе затрымалі партнёра бізнесмена Уладзіміра Даніленка.
Як піша The Moscow Times, Генадзій Пятроў у пачатку 1990-х стаяў на ўліку як член Малышэўскай АПГ. Праз належныя яму кампаніі ён валодаў долямі ў Пецярбургскім нафтавым тэрмінале і ў Пецярбургскай паліўнай кампаніі. Гэтыя бізнесы таксама былі звязаныя з Траберам. Пазней Пятроў атрымаў долю ў банку «Расія» разам з сябрамі Пуціна па кааператыве «Возера» — Юрыем Кавальчуком, Мікалаем Шамалавым і дэвелаперам Віктарам Мячыніным. У 1996 годзе Пятроў пераехаў у Іспанію, дзе стаў аб'ектам праслухоўвання мясцовых праваахоўнікаў. Іспанскае следства высветліла, што ён вёў агульныя справы з генерал-маёрам ФСБ Сяргеем Каралёвым, які цяпер займае пасаду першага намесніка дырэктара службы. Акрамя таго, Пятроў знаходзіўся ў сяброўскіх і партнёрскіх адносінах з пракурорам Пецярбурга Сяргеем Літвіненкам.
Падчас судовага працэсу ў Іспаніі Пятроў сцвярджаў, што працаваў разам з Пуціным у КДБ. Былыя супрацоўнікі ФСБ распавядалі «Новой газете», што ён мог быць інфарматарам спецслужбы. У 2010 годзе Пятроў выйшаў пад заклад і пазней з'ехаў у Расію. Справа супраць яго ў Іспаніі развалілася.
Паводле даных «Важных гісторый», апошнім часам Пятроў займаўся двума праектамі на сотні мільярдаў рублёў — будаўніцтвам трас «Таўрыда» ў Крыме і «Скандынавія» паміж Піцерам і Фінляндыяй. Таксама ён пастаўляў вугаль, чугун і сыравіну для чыгункі па Расіі і за мяжу праз найбуйнейшага трэйдара, які з'явіўся на рынку пасля траплення «Евраза» ў санкцыйныя спісы.