The Guardian: Лукашэнка рыхтуецца да больш актыўнага ўдзелу ў вайне
- 19.06.2026, 7:49
Украіна ўмацоўвае паўночную мяжу.
Украіна ўзмацняе абарону на паўночнай мяжы на фоне занепакоенасці, што Беларусь можа быць яшчэ больш уцягнутая ў вайну на баку РФ.
На ўкраінска-беларускай мяжы ўжо ўмацоўваюць абарончыя збудаванні, а разведка і памежнікі ўважліва сочаць за актыўнасцю войскаў і беспілотнікаў паблізу мяжы, піша The Guardian.
Журналісты патлумачылі, што з пачатку 2026 года ўкраінскія вайскоўцы зафіксавалі прыблізна 20-працэнтны рост актыўнасці расійскіх разведвальных дронаў, якія дзейнічаюць з тэрыторыі Беларусі.
Таксама паведамляецца пра з’яўленне новых расійскіх баз для беспілотнікаў паблізу беларускай мяжы і пра пашырэнне інфраструктуры, якая патэнцыйна можа выкарыстоўвацца для падтрымкі расійскіх аперацый.
Нягледзячы на гэта, украінскія і еўрапейскія аналітыкі пакуль не бачаць прыкмет фарміравання ўдарнай групоўкі войскаў у Беларусі для новага наступу на Украіну. У той жа час яны папярэджваюць пра паступовае ўцягванне Мінска ў расійскую ваенную машыну.
Аўтары матэрыялу падкрэслілі, што прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі і былы кіраўнік МЗС Дзмітро Кулеба падазраюць, што беларускі дыктатар Аляксандр Лукашэнка, магчыма, рыхтуецца да больш актыўнага ўдзелу ў вайне.
На гэтым фоне Украіна ўзмацняе паўночны напрамак супрацьтанкавымі загародамі, калючым дротам і дадатковымі сродкамі назірання.
У артыкуле адзначаецца, што галоўная пагроза для Кіева палягае не столькі ва ўступленні беларускай арміі ў баявыя дзеянні, колькі ў ператварэнні Беларусі ў стабільны плацдарм для расійскіх аперацый супраць Украіны.
Эксперты таксама мяркуюць, што стратэгія Крамля можа палягаць не ў рэзкай эскалацыі, а ў паступовым пашырэнні ролі Беларусі ў вайне, што стварае дадатковыя рызыкі для бяспекі Украіны і ўсяго рэгіёна.