У Беларусі змянілі кадастравую вартасць зямлі
- 19.06.2026, 10:21
Гэта паўплывае на падаткі і парог здзелак куплі-продажу.
Нацыянальнае кадастравае агенцтва Дзяржкамітэта па маёмасці Беларусі паведаміла аб змене кадастравай вартасці тэрыторый для Мінска і Мінскага раёна.
Трэба сказаць, што кадастравая вартасць зямлі ў Беларусі — гэта разліковая ацэнка, якая ўплывае, напрыклад, на велічыню зямельнага падатку, мінімальны парог здзелак пры продажы, куплі і дарэнні зямельнай дзялянкі, а таксама на памер пошлін пры спадкаванні і афармленні дзялянкі. Кадастравая вартасць у Беларусі абнаўляецца рэгулярна, звычайна раз на чатыры гады.
Паводле новага прайсу кадастравая вартасць земляў у Мінску дасягнула 1620 рублёў за квадратны метр. А вось самая дарагая зямля ў Мінскім раёне знаходзіцца ў вёсках Копішча, Вялікі Трасцянец, Цнянка, Чыжоўка, у аграгарадку Сеніца і ў пасёлку Юбілейны (180–270 рублёў за квадратны метр).
Як адзначылі ў Нацыянальным кадастравым агенцтве, па стане на 17 чэрвеня 2026 у рэестр унесеная кадастравая вартасць для 71% тэрыторыі Беларусі, у тым ліку Мінска і Мінскага раёна, Брэста, Віцебска, Гомеля, Гродна.
Кадастравая вартасць уступае ў сілу на наступны дзень пасля ўнясення ў рэестр.