BE RU EN

Па вуліцах польскага Перамышля некалькі гадзін блукаў мядзведзь

  • 19.06.2026, 14:54

Відэа з драпежнікам распаўсюдзіў, у тым ліку, мэр горада.

Увечары ў чацвер на вуліцы польскага Перамышля забрыў дзікі мядзведзь, праз некалькі гадзін драпежніка выправадзілі ў лес.

Пра гэта паведамляе RMF24.

Увечары 18 чэрвеня ад жыхароў Перамышля пачалі паступаць паведамленні пра мядзведзя, які блукаў па вуліцах у цэнтральнай частцы горада.

Упершыню яго заўважылі каля 22 гадзін у раёне плошчы Берасцейскай Уніі, размешчанай на супрацьлеглым ад чыгуначнага вакзала беразе Сяну.

Відэа з мядзведзем распаўсюдзіў, у тым ліку, мэр горада Войцех Бакун. «Гэта паведамленне — праўда. Службы ўжо дзейнічаюць, але будзьце асцярожныя. Калі заўважыце звера — не спрабуйце набліжацца і неадкладна паведамляйце ў муніцыпальную паліцыю (986) або паліцыю (112)», — напісаў ён.

Пазней у паліцыі паведамілі, што каля другой гадзіны ночы драпежніка паспяхова выправадзілі ў лес, інцыдэнтаў не адбылося. Мяркуюць, што гэта быў малады мядзведзь.

Мэрыя не плануе ініцыяваць адстрэл мядзведзя з меркаванняў, што ён можа зноў забрысьці ў горад. У той жа час жыхароў заклікалі быць асцярожнымі і нічога не прадпрымаць самастойна, калі такое адбудзецца, а адразу тэлефанаваць па нумары 112.

Мядзведзь з'яўляецца гарадскім сімвалам Перамышля і выяўлены на яго гербе.

Апошнія навіны