Макрон: Трамп перагледзеў ацэнку вайны Расіі супраць Украіны
- 19.06.2026, 16:55
Што стала прычынай?
Прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон заявіў, што пазіцыя прэзідэнта ЗША Дональда Трампа адносна вайны істотна змянілася пасля яго вяртання ў Белы дом, піша Delfi.
Макрон адзначыў, што Трамп пасля вяртання ў Белы дом на пачатку 2025 года быў перакананы ў непазбежнай паразе Украіны ў абароннай вайне супраць Расіі. У прыватнасці, амерыканскі лідар на пачатковым этапе чакаў хуткай паразы Украіны.
«У Авальным кабінеце з прэзідэнтам Зяленскім усё прайшло дрэнна. Потым, менш за год таму, адбылася тая сустрэча на вышэйшым узроўні паміж прэзідэнтам Трампам і прэзідэнтам Пуціным у Анкарыджы, дзе амаль быў пакладзены на стол дагавор, у якім прапаноўвалася аддаць украінскую тэрыторыю, якая яшчэ не заваяваная», — расказаў Макрон.
Прэзідэнт Францыі дадаў, што пасля ў Вашынгтон прыехалі еўрапейскія лідары — з мэтай пераканаць Трампа і «сказаць, што так нельга».
Пазней, на думку Макрона, Трамп убачыў, што ўкраінцы выстаялі: «Цяпер ён убачыў, што ўсё, што яму казалі — што ўкраінцы падуць і не перажывуць зіму — аказалася няпраўдай».
Прэзідэнт Францыі падкрэсліў, што Украіна прадэманстравала стойкасць, а Еўропа ўзяла на сябе вялікую адказнасць: «Перад ім — смелыя, вынаходлівыя людзі, якіх ён паважае».
Макрон выказаў надзею, што ЗША больш актыўна далучацца да ціску на Расію. «Прэзідэнт Трамп… будзе мацней ціснуць на Расію, на яе эканоміку і вяртаць яе за перамоўны стол».