Зяленскі выстаўіў Лукашэнку ўльтыматум
- 19.06.2026, 18:59
Прэзідэнт Украіны даў дыктатару тыдзень.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі скептычна ацаніў словы Аляксандра Лукашэнкі пра нежаданне быць уцягнутым у вайну, адзначыўшы, што на тэрыторыі Беларусі працуюць рэтранслятары, якія карэктуюць расійскія атакі дронаў па ўкраінскай тэрыторыі. Ён заклікаў іх дэмантаваць, а ў адваротным выпадку паабяцаў, што Украіна зробіць гэта самастойна, перадае «Інтэрфакс-Украіна».
«Калі спадар Лукашэнка кажа, што ён не хоча быць уцягнутым у вайну, ён павінен быць сумленным, прынамсі перад сваім народам. Бо гэта не ён можа быць уцягнуты ў вайну — можа быць уцягнута ўся яго краіна, уцягнутая Расіяй: яны з першых дзён гэтай вайны забівалі дзяцей і дарослых — ракеты ляцелі з Беларусі, з яго краіны. І тады ён таксама тэлефанаваў, і прасіў прабачэння, і казаў, што «я гэтага не кантраляваў», Расія дзейнічала на сваёй зямлі. І, безумоўна, я ў гэта не веру, але ён пра гэта ўжо казаў», — сказаў Зяленскі на сумеснай прэс-канферэнцыі з прэзідэнтам Гандураса Насры Асфурай 19 чэрвеня ў Кіеве.
Ён адзначыў, што Расія цяпер будзе працягваць падштурхоўваць Лукашэнку да ўдзелу ў вайне, а той «разумее, што Украіна будзе адказваць».
«Лішнія словы не патрэбныя. На яго вышках сёння ёсць рэтранслятары — расійскія рэтранслятары, беларускія. Якая нам розніца? На яго тэрыторыі ўздоўж дзвюх абласцей, што мяжуюць з Украінай, знаходзіцца тэхніка, якая карэктуе агонь па ўкраінскім насельніцтве, менавіта па насельніцтве. Там у нас цяпер няма такога моцнага фронту, дзе Украіна і Беларусь мяжуюць. Там забіваюць мірных жыхароў. Там рэтранслятары на адпаведных вышках. Ён можа гэта зняць? Навошта словы пра тое, што ён не хоча быць у вайне? Няхай здыме гэтую тэхніку, няхай выключыць гэтую тэхніку», — заявіў прэзідэнт Украіны.
Зяленскі перакананы, што Лукашэнку будзе дастаткова тыдня, каб гэта зрабіць.
«Я думаю, што яму тыдня будзе дастаткова, каб гэта зрабіць. Чаму я кажу пра тыдзень? Бо цяпер штодня з-за гэтага гінуць нашыя мірныя людзі, параненыя дзеці. Калі ён гэтага не зробіць, зробім мы», — сказаў ён.