BE RU EN

Польшча падоўжыла спрашчаную выдачу праязнога дакумента беларусам

  • 19.06.2026, 20:52

Да 31 снежня.

Беларусы змогуць атрымліваць праязны дакумент замежніка ў спрашчаным парадку да 31 снежня 2026 года. Адпаведнае рашэнне прыняло МУС Польшчы 16 чэрвеня, заўважыла выданне MOST.

Польскі праязны дакумент замежніка з'яўляецца часовым дакументам для выезду за мяжу і пацвярджэння асобы.

Беларусы могуць атрымліваць яго ў спрашчаным парадку з 1 ліпеня 2023 года, аднак такая працэдура ўведзеная не назаўсёды — пакуль што тэрмін яе дзеяння падаўжаюць.

Спрашчаны парадак азначае, што праязны дакумент у Польшчы могуць атрымаць беларусы, якія раней не мелі праязнога дакумента, напрыклад, пашпарта, што актуальна перш за ўсё для дзяцей. Таксама беларусам не патрабуецца пацвярджэнне таго, што яны не могуць атрымаць пашпарт у сваёй краіне. Акрамя таго, падацца на праязны дакумент можна з часовым відам на жыхарства, пры гэтым не мае значэння мэта яго выдачы.

Грамадзянам Беларусі не трэба аплачваць дзяржаўны збор за выдачу праязнога дакумента. Гэты пункт дзейнічае бестэрмінова.

У 2024 годзе беларусам выдадзена 3328 польскіх праязных дакументаў замежніка, у 2025-м — 5689, а за пяць месяцаў 2026 года — ужо 2737.

Усе іншыя замежнікі ў Польшчы атрымліваюць каля 300 праязных дакументаў у год. Беларускія ўлады не дазваляюць грамадзянам Беларусі атрымліваць пашпарты за мяжой.

Апошнія навіны