Гарналыжны цэнтр «Лагойск» выставілі на продаж
- 2.06.2026, 8:33
Пакупнікам прапануюць істотную зніжку.
Гарналыжны спартыўна-аздараўленчы комплекс «Лагойск», які належыць кампаніі «Трайпл», зноў выстаўлены на аўкцыён. Пачатковы кошт аб'екта зніжаны да 18,6 млн рублёў.
Комплекс быў адкрыты ў студзені 2004 года і доўгі час заставаўся адным з самых папулярных месцаў зімовага адпачынку ў Беларусі. Уладальнікам аб'екта з'яўляецца кампанія «Трайпл», звязаная з бізнесменам Юрыем Чыжом.
Вясной 2026 года цэнтр спыніў працу. Прычынай сталі фінансавыя праблемы і арышт маёмасці з-за запазычанасцей. Паводле даных Адзінага дзяржаўнага рэестра юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў, у кампаніі назапасіліся даўгі па падатках.
Спробы прадаць комплекс прадпрымаліся і раней. Аб'ект выстаўлялі на таргі як у 2023 годзе, так і ў 2026-м, аднак пакупнікоў знайсці не ўдалося. У прыватнасці, на папярэднім аўкцыёне ў маі яго прапаноўвалі за 23,2 млн рублёў.
Чарговыя таргі, арганізаваныя пляцоўкай «БелЮрОбеспечение», прызначаныя на 17 чэрвеня.