У Беластоку прайшло Свята беларускай культуры
- 2.06.2026, 10:52
Традыцыйны фестываль адбыўся ўжо ў 41-ы раз.
У Беластоку, у парку Звярынецкім, ужо ў 41-ы раз адбылося традыцыйнае штогадовае вялікае Свята беларускай культуры, піша «Радыё Рацыя».
Пра традыцыю яго правядзення распавядае старшыня праўлення Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Беластоку, якое арганізавала мерапрыемства, Васіль Сегень. Сваімі ўражаннямі таксама падзяліліся ўдзельнікі і госці свята.
— Сёлета мы ўжо ў 41-ы раз сустракаемся на Свяце беларускай культуры ў Беластоку. Такая традыцыя: звычайна яно праходзіць менавіта ў Беластоку і звычайна ў першы дзень Святой Тройцы.
— Свята беларускай культуры — гэта заўсёды выдатнае свята. Тут непаўторная атмасфера. І сам парк у нас вельмі прыгожы. Сёлета ён стаў яшчэ прыгажэйшы. Заўсёды прыходзіць шмат людзей. Тут вельмі-вельмі прыемна спяваць.
— Надвор’е выдатнае, музыка выдатная. Чаго яшчэ жадаць у беларускую нядзелю ў Беластоку?
На Свяце беларускай культуры ў Беластоку выступілі больш за два дзясяткі калектываў і выканаўцаў з Падляшша з беларускімі песнямі і танцамі. Госцем фестывалю таксама стаў беларускі ансамбль «Сузор’е» з латвійскага горада Рэзекне.