Важны момант вайны
- Дзмітрый Калезеў
- 2.06.2026, 12:10
Эканоміка РФ у заняпадзе, дзірка ў бюджэце велізарная.
Учора Пуцін раптоўна сабраў нараду з нагоды ўдару ў Старабільску (праз дзесяць дзён пасля эпізоду) і выкарыстаў гэты выпадак, каб абвясціць пра пераход вайны на новы ўзровень, адначасова ўсклаўшы адказнасць за эскалацыю на Украіну («Кіеўская вярхушка вырашыла адкрыць новую старонку ў шэрагу сваіх злачынстваў, надаць канфлікту ў цэлым новую якасць. Ну што ж? Гэта іх выбар»).
Ужо падчас трансляцыі нарады былі зафіксаваныя пускі расійскіх ракет і дронаў, а ўначы Кіеў і іншыя гарады Украіны падвергліся аднаму з самых жудасных удараў за апошні час: паводле паведамленняў СМІ, больш за 70 ракет і 650 беспілотнікаў, як мінімум 13 загінулых і больш за 100 пацярпелых.
Зразумела, што для Пуціна настаў адзін з самых складаных момантаў у вайне: эканоміка ў заняпадзе, дзірка ў бюджэце велізарная, прасоўванне войскаў амаль спынена, набор кантрактнікаў правальваецца, страты растуць, Украіна знішчае расійскую лагістыку на акупаваных тэрыторыях, Крым па сутнасці ў блакадзе, НПЗ гараць па ўсёй краіне, нарастае дэфіцыт бензіну, зэд-блогеры ўжо сумна пішуць, што хутка давядзецца зноў абмяркоўваць вяртанне да межаў 1991 года. У гэтых умовах Пуцін задзейнічае тое, у чым Узброеныя сілы РФ пакуль яшчэ мацнейшыя за ЗСУ — ракетныя ўдары. І б'е па гарадах.
Але ўсё ж такі цікавая нагода, якая выкарыстоўваецца для эскалацыі, — Старабільск. Дагэтуль няма дакладнага тлумачэння, што там адбылося. Наколькі я магу меркаваць па публікацыях, можна лічыць даказаным, што ўдар не быў выпадковым і там сапраўды загінулі вучні, якія ніяк не былі звязаныя з расійскай арміяй. Але пакуль незразумела, што гэта было: грубая памылка ўкраінскай разведкі, якая зрабіла мэтай атакі грамадзянскі аб'ект? Ці ўсё ж такі гэты грамадзянскі аб'ект цынічна выкарыстоўваўся расійскай арміяй для навучання аператараў дронаў, хоць у момант удару там знаходзіліся іншыя вучні? Пакуль што адказу няма. Гэта, безумоўна, павінна стаць прадметам расследавання.
Але гэты трагічны эпізод аказаўся вельмі зручным для Крамля, каб пачаць новую эскалацыю паветранай вайны. Якая, хутчэй за ўсё, ніякіх пераваг Расіі не дасць — Украіна ўжо прывыкла перажываць самыя цяжкія ўдары, і калі вытрымала іх зімой, то летам тым больш справіцца.
Дзмітрый Калезеў, Telegram