У Слуцку ўпаў беспілотнік?
- 2.06.2026, 21:03
Улады маўчаць.
У Слуцку ўдзень 2 чэрвеня перакрылі рух на адным з участкаў вуліцы Максіма Багдановіча, піша «Белсат». Паводле звестак шэрагу тэлеграм-каналаў, прычынай мог стаць падзенне беспілотніка, верагодна расійскага дрона тыпу Shahed. Афіцыйна гэтая інфармацыя пакуль не пацверджаная.
Пра магчымае падзенне беспілотніка ў Слуцку паведаміла адразу некалькі тэлеграм-каналаў. Паводле іх звестак, інцыдэнт, меркавана, адбыўся ў раёне вёскі Навадворцы, што знаходзіцца недалёка ад гарадской рысы.
Як піша BelVarta, прынамсі адзін беспілотнік мог упасці каля паўдня 2 чэрвеня.
«Паведамляецца, што месца падзення знаходзіцца ў раёне Навадворцаў, непадалёк ад вуліцы Максіма Багдановіча. Інфармацыя пра наступствы і магчымыя пашкоджанні ўдакладняецца», — пішуць аўтары.
Тэлеграм-канал «Рэальная Беларусь» сцвярджае, што ў раёне Слуцка маглі ўпаць адразу два беспілотнікі: адзін каля Навадворцаў, другі — недалёка ад вёскі Лучнікі. Паводле інфармацыі канала, месцы здарэнняў ачапілі супрацоўнікі міліцыі, вайскоўцы і выратавальнікі.
Афіцыйных паведамленняў ад уладаў, МНС або іншых дзяржструктур пакуль не паступала. Аператыўна атрымаць інфармацыю ў райвыканкаме і раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях «Zerkalo» таксама не ўдалося.
Разам з тым журналісты «Белсата», абзваніўшы размешчаныя паблізу ўстановы як занепакоеныя грамадзяне, высветлілі, што частка вуліцы Максіма Багдановіча сапраўды застаецца перакрытай. Паводле суразмоўцаў выдання, на асобных участках дарогі з боку Навадворцаў рух пакуль не адноўлены, а на месцы працягваюць працаваць экстранныя службы.
За пару кіламетраў ад вёскі і перакрытага ўчастка выбуху не чулі і мяркуюць, што дрон не ўзарваўся.
«Ад праспекта Леніна ездзяць машыны, ідуць аўтобусы. На Багдановіча дарога перакрытая дзесьці ў Навадворцах — кажуць, там яшчэ не адкрылі рух. Кажуць, дрон лятаў там у раёне запраўкі, але нічога не вядома. Там людзей няма, калі б у запраўку трапіў — выбухнула б, а так, напэўна, усё нармальна», — распавёў адзін з суразмоўцаў выдання.
Раніцай і ўдзень 2 чэрвеня паветраная трывога абвяшчалася ў некалькіх абласцях Украіны, якія мяжуюць з Беларуссю. У прыватнасці, пра рух расійскіх беспілотнікаў паведамлялася ў Чарнігаўскай вобласці ўздоўж беларускай мяжы.
Нагадаем, у ноч на 2 чэрвеня Расія атакавала адразу некалькі рэгіёнаў Украіны. Найбольш цяжкія наступствы зафіксаваныя ў Дніпры, дзе загінулі 16 чалавек і 42 былі параненыя. Таксама паведамлялася пра пацярпелых у Харкаве і Камянскім. У сувязі з трагедыяй у Дніпры 3 чэрвеня абвешчаны днём смутку.