Папулярны зубр на М-1 цяпер «ажывае» раз на гадзіну
- 20.06.2026, 9:53
Як гэта ўбачыць?
Папулярная скульптура на мяжы Мінскай і Брэсцкай абласцей атрымала даўгачаканае абнаўленне — гігант на трасе М-1 «ажыў». Пасля доўгіх выпрабаванняў і дапрацовак зубр пачаў рэгулярна выпускаць пар з ноздраў, паведамляе тэлеграм-канал «#1 регион».
Спецэфект спрацоўвае раз на гадзіну. Каб ахвочыя паглядзець на зубра не дзяжурылі каля скульптуры ў чаканні, для славутасці стварылі асобны сайт. Там з’явіўся таймер, які ў рэальным часе адлічвае момант да наступнага «выдыху».
На гэтым развіццё папулярнай лакацыі не заканчваецца. У бліжэйшы час зубру плануюць выбраць імя. Праўда, як менавіта гэта будзе адбывацца, пакуль не ўдакладняецца.
Як адзначае «Точка», не выключана, што ў далейшым у скульптуры з’явяцца і іншыя інтэрактыўныя элементы. Раней паведамлялася, што яна можа навучыцца яшчэ і «рыкаць».
Акрамя таго, побач з гігантам хочуць адкрыць кафэ «Крылья дружбы». Праект плануюць рэалізаваць сумесна з Татарстанам. У меню абяцаюць уключыць не толькі стравы беларускай кухні, але і татарскія пачастункі.
Нагадаем, скульптуру зубра стварылі спецыяльна да рэспубліканскіх «Дажынак» у 2003 годзе, якія тады прымалі Пружаны. Зубр важыць каля 70 т, а яго даўжыня дасягае амаль 30 м.