BE RU EN

У Віцебску заўважылі аўтамабіль з «пікантным малюнкам»

  • 20.06.2026, 11:39

ДАІ ўжо разбіраецца.

На вуліцах Віцебска карэспандэнтка мясцовага дзяржаўнага выдання заўважыла аўтамабіль з выявай у стылі анімэ. Яе збянтэжыла тое, што на машыне «намаляваная жаночая анімэ-фігура, агаленасць якой падкрэслівала далікатна-ружовае воблака дыму». Пасля гэтага ДАІ пачала разбіральніцтва, пішуць «Віцебскія весці».

Карэспандэнтка дзяржаўнага выдання распавяла, што выява на машыне зацікавіла віцеблянаў у тралейбусе, у якім яна ехала. Паводле слоў журналісткі, «пасажыры ажыўлена абмяркоўвалі пікантнае мастацтва: многія дасталі тэлефоны і фатаграфавалі, нехта прыглядаўся, нехта, бянтэжачыся, адводзіў позірк». Фота яна апублікавала, замазаўшы грудзі анімэ-гераіні.

«Асабліва бурна малюнак абмяркоўвалі дзеці і падлеткі: яны гучна каментавалі ўбачанае, дзяліліся ўражаннямі і здымкамі, што ўзмацніла агульную рэакцыю ў салоне і прыцягнула дадатковую ўвагу дарослых», — гаворыцца ў матэрыяле.

У ДАІ патлумачылі, што калі гэта аэраграфія, то новыя каляровыя рашэнні павінны быць указаныя ў тэхпаспарце.

«Выявы аголенай фігуры ацэньваюцца з пункта гледжання адпаведнасці грамадскай маралі і правілам размяшчэння інфармацыі ў грамадскіх месцах», — пракаменціравала начальніца аддзялення па агітацыі і прапагандзе ДАІ УУС аблвыканкама Надзея Касперовіч.

У кожным канкрэтным выпадку інспектары глядзяць на маштаб выявы, яе адкрытасць і магчымы ўплыў на ўдзельнікаў дарожнага руху, уключаючы адцягненне ўвагі вадзіцеляў або прысутнасць дзяцей.

Па словах Касперовіч, калі выява будзе прызнаная непрыстойнай, зневажальнай для грамадскай маральнасці або такой, што парушае грамадскі парадак, уступае ў сілу артыкул 19.1 КаАП (дробнае хуліганства) — штраф да 90 рублёў (дзве базавыя велічыні), альбо артыкул 19.3 (парушэнне грамадскага парадку) — штраф 90–1350 рублёў (ад 2 да 30 БВ), а таксама грамадскія работы або адміністрацыйны арышт.

Калі экспертыза прызнае выяву парнаграфіяй, то ўладальнік аўто можа быць прыцягнуты за выраб і распаўсюджванне парнаграфічных матэрыялаў. Пакаранне — грамадскія работы, штраф, выпраўленчыя работы на тэрмін да двух гадоў або арышт.

Па згаданым аўтамабілі матэрыял зарэгістраваны ў ДАІ, праводзіцца разбіральніцтва, патлумачыла Касперовіч.

Што на карцінцы і дзе яе прадаюць

На аўтамабілі з Віцебска з вялікай доляй верагоднасці намаляваная гераіня вядомага анімэ «Наруто» Сакура. Побач па-японску напісана яе імя.

Налепкі для аўто з ёй прадаюцца ў тым ліку на папулярных у Беларусі маркетплейсах. Дакладна такая ж каштуе каля 145 рублёў.

Што характэрна, карэспандэнтка дзяржаўнага выдання замазала на фота грудзі гэтай гераіні. Судзячы па налепках, што прадаюцца, саскі там і так закрытыя вялікімі чорнымі крыжамі.

Падобны аўтамабіль (колер, дыскі, размяшчэнне элементаў налепкі) мы знайшлі ў водгуках на тавар на маркетплейсе, вось што пісаў уладальнік у верасні 2025-га, крыху паскардзіўшыся на цяжкасці пры налепліванні:

«А так — да стылю +100, эмоцый — процьма, дзеткі пальцамі паказваюць, мужыкі падміргваюць. Рэкамендую».

Апошнія навіны