Іран можа адмовіцца ад ядзерных перамоваў з ЗША
- 20.06.2026, 15:47
Тэгеран патрабуе спынення ізраільскіх удараў па Ліване.
Перамовы, ад якіх залежыць будучыня іранскай ядзернай праграмы, аказаліся пад пагрозай зрыву праз новую эскалацыю канфлікту паміж Ізраілем і «Хізбалой», паведамляе Bloomberg.
Паводле звестак выдання, Тэгеран настойваў на тым, каб дамоўленасці з ЗША прадугледжвалі спыненне ізраільскіх ваенных аперацый у Ліване.
Аднак, як адзначае крыніца, ізраільскія вайскоўцы нанеслі ўдары па аб’ектах «Хізбалы» пасля таго, як групоўка выпусціла больш за 50 снарадаў па пазіцыях ЦАХАЛ на поўдні Лівана.
З-за аднаўлення баявых дзеянняў іранскі бок вырашыў не накіроўваць сваю дэлегацыю ў Швейцарыю, дзе меўся адбыцца новы этап перамоваў.
Пакуль бакі не абвясцілі новую дату сустрэчы. У той жа час у Швейцарыі заявілі, што падрыхтоўка да перамоваў працягваецца, а ў Белым доме запэўнілі, што амерыканская дэлегацыя гатовая адправіцца на перамовы, як толькі з’явіцца такая магчымасць.
Адначасова ў Іране ўскладаюць віну за абвастрэнне сітуацыі ў Ліване на Вашынгтон. Прэс-сакратар МЗС краіны Эсмаіл Багаі заявіў, што ЗША нясуць «прамую адказнасць» за дзеянні Ізраіля і развіццё падзей у рэгіёне.
Нягледзячы на часовае перамір’е паміж ЗША і Іранам, бакам яшчэ трэба ўзгадніць ключавыя пытанні, звязаныя з іранскай ядзернай праграмай. Эксперты адзначаюць, што для дасягнення паўнавартаснай дамовы можа спатрэбіцца значна больш часу, чым 60 дзён, прадугледжаныя цяперашнімі дамоўленасцямі.