Аўстраліец пабіў сусветны рэкорд па гучнасці мужчынскага крыку
- 21.06.2026, 17:15
Яго крыкі можна параўнаць з шумам самалёта, што ўзлятае.
Вы калі-небудзь чулі гучны гул і не маглі вызначыць крыніцу гуку? Магчыма, гэта была распеўка Джозефа МакГрэйл-Бейтса — аўстралійца, імя якога цяпер значыцца ў Кнізе рэкордаў Гінеса, піша «Нож».
Джозефа прызналі самым гучным чалавекам у свеце. Яму ўдалося закрычаць з гучнасцю 122,4 дэцыбела (па шкале С). Наколькі гэта гучна? Яго крыкі можна параўнаць з шумам самалёта, што ўзлятае, і з гучаннем музыкі на рок-канцэрце.
Рэкордсмен даўно ішоў да поспеху. Раней, яшчэ ў 2017 годзе, яго прызначылі афіцыйным глашатаем Канберы. З таго часу мужчына выступае на аўтамабільных выставах і іншых святах, дзе абвяшчае назвы гарадоў і імёны ўдзельнікаў.
З цягам часу МакГрэйл-Бейтс навучыўся гаварыць і крычаць анамальна гучна, і тады ён вырашыў паспрабаваць удачу — выступіць перад суддзямі Кнігі рэкордаў Гінеса. Джозеф доўга падбіраў слова, якое трэба было выкрыкнуць.
«Мы з дачкой разам падбіралі прыдатнае слова, — дзеліцца рэкордсмен. — Досвед паказаў, што слова “ціха” (quiet) нельга вымавіць дастаткова гучна, і ў выніку мы спыніліся на слове “зараз” (now)».
Аўстраліец прызнаўся, што ў дзяцінстве ён быў сарамлівым хлопчыкам. Таму яго рэкорд — вынік доўгай і стараннай працы над сабой.
МакГрэйл-Бейтс распавёў: «У дзяцінстве ў мяне быў ціхі голас, я быў вельмі сарамлівым, пакуль не скончыў школу і не пайшоў у тэатр. Тады стала зразумела, што мне трэба раскрыцца, заявіць пра сябе. Я трэніраваўся ў тэатры, дзе не выкарыстоўвалі мікрафоны і іншую тэхніку, і з гадамі стаў гаварыць усё гучней і гучней».