У Сусвеце выявілі касмічную памяць
- 21.06.2026, 19:25
Прастора-час захоўвае квантавы адбітак кожнай падзеі.
Фізік Фларыян Нойкарт з Лейдэнскага ўніверсітэта і ягоныя калегі прапанавалі новы тэарэтычны фрэймворк — квантавую матрыцу памяці (QMM), — які можа адначасова растлумачыць цёмную матэрыю, цёмную энергію, парадокс інфармацыі ў чорных дзірках і цыклічнасць Сусвету. Праца прынята да публікацыі ў Journal of Cosmology and Astroparticle Physics (JCAP).
На думку аўтараў, прастора-час складаецца з дыскрэтных квантавых «ячэек», кожная з якіх фіксуе адбітак любога ўзаемадзеяння. Іншымі словамі, Сусвет не проста эвалюцыянуе — ён запамінае.
Скупчэнні інфармацыйных адбіткаў матэматычна паводзяць сябе як цёмная матэрыя: яны кластарызуюцца пад уздзеяннем гравітацыі і тлумачаць анамальныя хуткасці кручэння галактык без прыцягнення новых часціц. Цёмная энергія — рэшткавая энергія «насычаных» ячэек, што перасталі прымаць новыя адбіткі.
Паводле разлікаў аўтараў, Сусвет ужо перажыў 3–4 цыклы пашырэння і сціскання. Калі ёмістасць прасторы-часу дасягае максімуму, замест калапсу ў сінгулярнасць адбываецца «адскок» — новы Вялікі выбух. Да фінальнага насычэння засталося менш за 10 цыклаў; сапраўдны «інфармацыйны ўзрост» космасу складае каля 62 мільярдаў гадоў.
Асобная частка тэорыі ўжо праверана на квантавых камп’ютарах: імітуючы ячэйкі прасторы-часу як кубіты, навукоўцы аднаўлялі квантавыя станы з дакладнасцю больш за 90%, а ўзровень лагічных памылак пры карэкцыі знізіўся.