Названы абласны цэнтр Беларусі з самым высокім узроўнем радыяцыі
- 21.06.2026, 21:51
І гэта не Гомель.
У Беларусі абнавілі даныя радыяцыйнага маніторынгу. Як адзначылі ў Белгідрамеце, сітуацыя ў краіне стабільная, паказчыкі ў абласных цэнтрах трымаюцца на ўзроўні «натуральнага радыяцыйнага фону», піша tochka.by.
Аднак, калі параўнаць буйныя гарады, у адным з іх узровень аказаўся крыху вышэйшы, чым у астатніх.
Які населены пункт у лідарах
На 18 чэрвеня 2026 года самы высокі паказчык узроўню радыяцыі сярод абласных цэнтраў быў зафіксаваны ў Віцебску — 0,11 мкЗв/г. У Брэсце, Гомелі, Гродне, Мінску і Магілёве значэнні аднолькавыя — 0,1 мкЗв/г.
Розніца выглядае мінімальнай, аднак цікава, што менавіта Віцебск аказаўся лідарам, а не Гомель, які часцей асацыюецца з наступствамі чарнобыльскай аварыі.
Дзе фон прыкметна вышэй
Больш высокія значэнні фіксуюцца не ў абласных цэнтрах, а ў асобных пунктах радыяцыйнага маніторынгу. Так, у Брагіне ўзровень магутнасці дозы гама-выпраменьвання склаў 0,46 мкЗв/г, у Слаўгарадзе — 0,18 мкЗв/г.
У Белгідрамеце растлумачылі: гэтыя паказчыкі адпавядаюць усталяваным шматгадовым значэнням, таму хвалявацца не варта. Такі фон якраз звязаны з наступствамі аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
Параўнанне з рэнтгенам
Каб разумець, наколькі сур'ёзныя такія значэнні, іх можна параўнаць з дозамі падчас правядзення рэнтгеналагічнага даследавання грудной клеткі. У дарослага яно складае каля 0,1 мЗв, або 100 мкЗв.
Пры ўзроўні 0,46 мкЗв/г, зафіксаваным у Брагіне, такую дозу чалавек атрымаў бы прыкладна за 217 гадзін — каля 9 сутак бесперапыннага знаходжання ў гэтай кропцы. Пры ўзроўні 0,10 мкЗв/г — прыкладна за 1000 гадзін, то-бок амаль за 42 дні.
Праўда, такое параўнанне ўмоўнае: рэнтген — кароткачасовае медыцынскае апрамяненне, а радыяцыйны фон — пастаяннае знешняе ўздзеянне. Акрамя таго, фактычная доза пры рэнтгене можа адрознівацца ў залежнасці ад абсталявання і методыкі.