У Расіі ўзнік дэфіцыт паліва для малой авіяцыі
- 22.06.2026, 11:16
Гэта ўдарыла па эканоміцы авіяперавозак.
Асацыяцыя эксплуатантаў Ан-2 прапанавала ўвесці дзяржаўнае рэгуляванне цэн на авіякерасін і авіябензін на фоне нарастаючага дэфіцыту паліва, паведаміў «Коммерсанту» прэзідэнт арганізацыі Уладзімір Антонаў. Паводле яго слоў, калі пасажырскія авіякампаніі ўжо трацяць больш за траціну ўсіх выдаткаў на паліва, то ў малой авіяцыі гэтая частка яшчэ вышэйшая, што пагаршае эканоміку перавозак, попыт на паслугі і пасажырапаток. У лісце асацыяцыі ў Мінтранс, з якім азнаёміўся «Коммерсант», гаворыцца, што асабліва вострая сітуацыя з авіяцыйным бензінам, з-за росту цэн на які ўдзельнікі рынку вымушаныя выкарыстоўваць аўтамабільнае паліва, у тым ліку не вельмі добрай якасці.
Рост цэн на авіябензін параўнальны з авіякерасінам, але сітуацыя з яго даступнасцю, якая «заўсёды была дрэннай», цяпер «пагаршаецца», кажа генеральны дырэктар авіякампаніі «ЛайтЭйр» Дзмітрый Тарапаў. Паводле яго слоў, у буйных аэрапортах авіябензін ёсць толькі ў Уфе і Валгаградзе, тады як у большасці іншых авіягаванях малая авіяцыя возіць бензін з сабой у спецыяльных ёмістасцях або «ратаваецца» ў прыватных аэраклубах. Выканаўчы дырэктар Асацыяцыі авіяработ Вадзім Цыганаш адзначыў, што сітуацыя пакуль не крытычная, але рухаецца ў гэтым напрамку — на працягу месяца пытанне паўстане востра.
У той жа час патэнцыйнае дзяржаўнае рэгуляванне цаны можа толькі пагоршыць праблему неадпаведнасці аб'ёмаў попыту прапанове, папярэджвае старшыня праўлення Асацыяцыі малых авіяцыйных прадпрыемстваў Сяргей Дзяцянішэў. «Цана можа стаць дырэктыўна нізкай, але паліва не будзе», — патлумачыў ён.
Пасажырскія авіякампаніі таксама занепакоеныя сітуацыяй з палівам, кажуць крыніцы «Коммерсанта» ў двух перавозчыках. Паводле іх даных, з пачатку чэрвеня ў шэрагу рэгіёнаў паветраныя судны перасталі атрымліваць дадатковае паліва на выпадак змянення маршруту або метэаўмоў, што сведчыць пра першыя прыкметы дэфіцыту. Раней урад да 30 лістапада забараніў экспарт з краіны авіякерасіну для забеспячэння «стабільнай сітуацыі на ўнутраным рынку паліва». Абмежаванне было ўведзена следам за забаронай на вываз бензіну, якая дзейнічае з канца сакавіка.
У чэрвені ў выніку рэгулярных атак украінскіх дронаў на расійскія нафтаперапрацоўчыя заводы вытворчасць бензіну ў краіне ўпала на 25% у параўнанні з мінулым годам, як паведамілі Reuters крыніцы ў галіне. Пры гэтым у цэнтральнай частцы Расіі нафтаперапрацоўка практычна спынілася пасля удараў па буйных заводах у Кірышах, Маскве, Ніжнім Ноўгарадзе, Рызані і Яраслаўлі, якія разам выпускалі больш за 30% усяго аўтабензіну ў краіне і каля 25% дызельнага паліва. Урад вырашыў кампенсаваць недахоп паліва павелічэннем паставак з Беларусі, адкрыццём марскога імпарту, а таксама зніжэннем стандартаў якасці да «Еўра-3».