Найбольш балючы ўдар па Пуціну
- Аляксандр Роднянскі
- 22.06.2026, 12:17
Расія губляе «галоўны трафей».
З учарашняга дня на ўсёй тэрыторыі акупаванага Крыма нельга купіць бензін.
Запраўляюць толькі транспарт, які забяспечвае жыццядзейнасць паўвострава.
Уведзены абмежаванні на працу супермаркетаў і грамадскага транспарту.
Улады просяць жыхароў выключыць кандыцыянеры, каб забяспечыць больш раўнамерную загрузку энергасістэмы.
У асобных рэгіёнах Крыма няма ні электрычнасці, ні вады.
Калі падзеі і далей будуць развівацца так, дык хутка могуць пачацца праблемы і з прадуктамі харчавання.
Так, як і ў сваім тэксце пра налёт беспілотнікаў на Маскву, я пішу гэтыя словы без ценю зларадства.
Жыццё звычайных людзей без паліва, электрычнасці, вады надзвычай непрыемнае. Асабліва летам.
Днямі міністр абароны Украіны сказаў, што Крым ператворыцца ў востраў. І ўкраінскія вайскоўцы паслядоўна займаюцца дасягненнем гэтай мэты.
Спачатку яны мэтанакіравана білі па сістэме супрацьпаветранай абароны паўвострава. Цяпер пад ударам бензавозы і нафтасховішчы, паромы і сухапутны шлях да Крыма.
З-за атак па Керчанскай пераправе на нейкі час быў прыпынены рух (у тым ліку і чыгуначны) праз Крымскі мост.
Задача ўкраінскай арміі зразумелая. Ідзе пра тое, каб зрабіць лёс паўвострава, «самага каштоўнага трафея Расіі», паводле выразу камандуючага Сіл беспілотных сістэм ЗСУ Роберта Броўдзі з пазыўным «Мадзяр», моцным аргументам на магчымых перамовах з Крэмлём.
Бо менавіта на словах «Крым наш» вырасла папулярнасць Пуціна і быў выбудаваны так званы «крымскі кансенсус».
Удар па Крыму для Пуціна вельмі персанальны і вельмі балючы. Пагроза яго легітымнасці.
Але Расія павінна даведацца пра тое, што адбываецца ў Крыме.
А Крэмль пра лёс паўвострава маўчыць. Пра гэта не гавораць Пяскоў, Ушакоў, Лаўроў. Ні слова за апошнія тыдні не сказаў і сам Пуцін.
Больш за тое, у Расіі працягваецца рэкламная кампанія, якая заклікае расіян адпачываць у Крыме…
З цікаўнасці я падпісаўся на два чаты пра турызм у Крыме. Расіяне не падвялі: «Ну як можна, каб бясплатная пуцёўка прапала?», «Заўсёды адпачывалі і цяпер паедзем».
Уяўляю сабе гэты адпачынак.
На фота пажар у Керчанскім порце.
Аляксандр Роднянскі, «Тэлеграм»