Крэдытныя гісторыі ў Беларусі будуць весціся па-новаму
- 22.06.2026, 13:11
Нацбанк выдаў пастанову.
Крэдытныя гісторыі і крэдытныя справаздачы ў Беларусі будуць фарміравацца па-новаму. Пра гэта гаворыцца ў пастанове Праўлення Нацбанка № 148 ад 19 чэрвеня 2026 года. Частка змен звязана з з’яўленнем крыптабанкаў, яшчэ навацыі закрануць тых, хто атрымліваў крэдыт з дзяржпадтрымкай, піша Onlíner.
У Нацбанку паведамілі, што крыптабанкі стануць крыніцамі фарміравання крэдытных гісторый. Яны будуць абавязаныя падаваць звесткі па ўсіх крэдытных здзелках, акрамя здзелак, абавязацельствы па якіх прадстаўленыя ў лічбавых знаках (токенах). Таксама крыптабанкі будуць мець права атрымліваць крэдытныя справаздачы, каб ацэньваць плацежаздольнасць кліента і рызыкі. Гэтыя змены ўступаюць у сілу з 18 ліпеня 2026 года.
Акрамя таго, дзве навацыі ўступаюць у сілу з 1 лютага 2027 года.
Па-першае, крэдытныя гісторыі будуць дапаўняцца інфармацыяй пра тое, што чалавеку прадастаўлялі крэдыт з дзяржпадтрымкай, таксама будзе ўказаны яе памер. У Нацбанку лічаць, што гэта павысіць даступнасць крэдытаў для людзей, якія ўжо карыстаюцца такім фарматам крэдытавання.
Па-другое, пры запыце крэдытнай гісторыі будуць дакладна канкрэтызавацца мэты атрымання крэдытнай справаздачы — гэта навацыя накіравана на барацьбу з махлярамі.