Зяленскі распавёў падрабязнасці новых перамоў з Трампам
- 22.06.2026, 16:10
Гэты G7 быў «пазітыўны для Украіны».
Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі распавёў падрабязнасці перамоў з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам на палях саміту G7 у Францыі, які, паводле слоў украінскага лідара, стаў «вельмі пазітыўным» для Украіны.
Зяленскі ў інтэрв'ю тэлевядучай ТСН Але Мазур распавёў, што спачатку ў кулуарах саміту ягоная сустрэча з Трампам адбылася пры ўдзеле прэзідэнта Францыі Эмануэля Макрона.
«Эмануэль сустрэў мяне, мы ў асобным пакоі дачакаліся прэзідэнта Трампа, павіталіся, абмяняліся некаторымі важнымі думкамі. Дастаткова каротка. Потым пайшлі на пасяджэнне G7, далучыліся да ўсіх», — паведаміў Зяленскі.
Пазней перамовы з Трампам працягнуліся.
«Пасля G7 мы засталіся з прэзідэнтам Злучаных Штатаў Амерыкі і сакратаром [Марко] Рубіо, каб абмеркаваць усе нашыя дадатковыя пытанні. Яны датычыліся многіх рэчаў: ад аднаўлення санкцый да ліцэнзій на СПА. Гэтым разам гэта стала даволі публічна — амерыканская каманда ўпершыню станоўча адрэагавала на ліцэнзіі», — падкрэсліў Уладзімір Зяленскі.
Паводле слоў прэзідэнта, цяпер усе згодныя з тым, што Украіна валодае ўсімі тэхнічнымі магчымасцямі для вытворчасці ракет для сістэм Patriot.
«Для гэтага патрэбныя ліцэнзіі ад Злучаных Штатаў. Зараз патрэбны асабісты ok ад Трампа», — адзначыў прэзідэнт.
На рэмарку вядучай пра тое, што Трамп пасля візіту ў Францыю заявіў, што плануе звярнуцца да амерыканскіх абаронных кампаній з просьбай вырабляць ракеты для СПА па ліцэнзіях у Еўропе і ва Украіне, то бок ёсць дакладна сфармуляваны намер, Зяленскі адзначыў, што «Эмануэль вельмі дапамог».
Таксама паміж Зяленскім, Трампам і Макронам адбылася яшчэ адна размова.
«Яны [Трамп і Макрон] пасля саміту G7 паляцелі ў Версаль, а я прыляцеў у Брусэль. У нас яшчэ ўначы быў phone call — Эмануэль, Дональд і я. Мы ўтраіх абмяркоўвалі ўсе тыя пытанні, якія ўздымалі на саміце G7», — удакладніў Зяленскі.
Ён дадаў, што ёсць яшчэ «адно асобнае пытанне», але пакуль без падрабязнасцей, таму што найперш «патрэбна пазітыўнае рашэнне».
Зяленскі ўдакладніў, што гэтая размова доўжылася каля сарака хвілін і падсумаваў, што гэты G7 быў «пазітыўны для Украіны».